арганізмы, якія жывуць або развіваюцца ў двух асяроддзях. Да амфібіёнтаў адносяцца віды жывёл і раслін, здольныя жыць і ў вадзе, і на сушы (многія земнаводныя, марскія чарапахі і інш.; гл.Амфіфіты, Гіграфіты); віды, якія жывуць у адных узроставых фазах развіцця (звычайна — лічынкавай) у вадзе або ў глебе, у другіх — на сушы. Напр., большасць жаб, стракоз, камароў, многія мошкі, майскі і чэрвеньскі хрушчы, жукі-шчаўкуны (драцянікі) і інш.Найб. пашыраны ў паласе прыліваў і адліваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭКАРАЕ́ДЫ,
капюшоннікі (Bostrychidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 550 відаў. Сустракаюцца пераважна ў тропіках. На Беларусі каля 30 відаў, найб. пашыраны І. дубовы, або звычайны (Bostrychus capucinus). Жукі і лічынкі жывуць у мёртвых дрэвах, лесаматэрыялах, радзей у насенні злакаў.
Вонкавым выглядам і спосабам жыцця нагадваюць караедаў, адрозніваюцца будовай 4-членікавых лапак. Даўж. 8—14 мм. Цела валікападобнае, цыліндрычнае, іншы раз расшыранае на канцы. У большасці відаў галава ўцягнута ў капюшонападобную бугрыстую спінку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧОЛАЖУКІ́ (Trichodes),
род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.
Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш.сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАФА́ГІЯ,
жыўленне арганізмаў-сапратрофаў (гл.Сапратрофы) экскрэментамі інш. арганізмаў, гал. чынам млекакормячых. У беспазваночных К. пашырана сярод многіх малашчацінкавых чарвей і насякомых (жукі-гнаевікі, лічынкі двухкрылых, дажджавыя чэрві і інш.). Для некаторых жывёл (бабры, зайцы, трусы, сенастаўкі) К. — абавязковая ўмова нармальнай жыццядзейнасці; пры адсутнасці яе жывёлы знясільваюцца, парушаюцца многія функцыі іх арганізма. К. павялічвае эфектыўнасць стрававання, спрыяе рэутылізацыі і распаду арган. рэшткаў, найперш азоцістых рэчываў і цэлюлозы, а таксама амінакіслот і вітамінаў, якія выпрацоўваюцца кішэчнай мікрафлорай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗКАЦЕ́ЛКІ (Colidiidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 1500 відаў пераважна ў тропіках. Жывуць у асноўным пад карой і ў драўніне, часта ў хадах, пракладзеных караедамі і інш. насякомымі, радзей у раслінных рэштках, глебе, лясным подсціле, грыбах. На Беларусі відавы склад вывучаны недастаткова. Часцей трапляецца вузкацелка перавязаная (Bitoma crenata).
Цела даўж. 1,5—18 мм, падоўжанае, цыліндрычнае або плоскае, радзей авальнае. Жукі і лічынкі часцей драпежныя — кормяцца караедамі, іх лічынкамі і інш.; лічынкі некат. відаў — вонкавыя паразіты жукоў шашаляў або пчол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),
1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.
2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬШЧЫКІ (Necrophorus),
род жукоў сям. трупаедаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і трапічнай Афрыкі. У Еўропе — 27 відаў. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі 9 відаў, найб. пашыраны М. чорнабулавы (N. vespilloides) і М. рыжабулавы (N. vespillo).
Даўж. да 40 мм (у відаў на Беларусі да 24 мм). Афарбоўка чорная, на надкрылах 2 аранжава-жоўтыя перавязі або плямы. Жукі і лічынкі кормяцца мярцвячынай. Яйцы адкладваюць на трупы дробных жывёл і закопваюць іх (адсюль назва).