ДРЭВАГРЫ́ЗЫ (Lyctidae),

сямейства жукоў падатр. рознаедных. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках. Шкоднікі драўніны і вырабаў з яе. На Беларусі часцей трапляецца Д. баразнаваты, або лінейны (Lyctus linearis).

Даўж. 2,5—5 мм. Цела прадаўгаватае, зверху пляскатае, бурае. Пярэдняспінка з прытупленымі вугламі, з шырокай падоўжнай баразёнкай пасярэдзіне. Надкрылы з тонкімі кропкавымі баразёнкамі і тонкімі валаскамі. Лапкі 5-членікавыя з рэдукаваным першым членікам; вусікі з 2-членікавай булавой. Лічынкі бязногія, белыя. Развіваюцца ў сухой драўніне, якой кормяцца лічынкі і жукі. Пракладваюць хады ў драўніне і ператвараюць яе паверхневыя слаі ў парахню.

Дрэвагрыз баразнаваты.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)