эстонская пісьменніца. Вучылася ў Талінскім каледжы Т-ванар. ун-таў (1929—31). Друкуецца э 1936. У кнігах вершаў «Вачамі і сэрцам» (1949), «Успаміны пра пройдзены шлях» (1955) грамадзянская і пейзажная лірыка, у зб-ках «Жалейка і люстэрка» (1959), «Сцяжыны і дзверы» (1968), «На мяжы мора і сушы» (1974), «Канапляны парус» (1982) актуальныя праблемы сучаснага грамадскага жыцця. Аўтар паэт. і празаічных твораў для дзяцей, публіцыст. кн. «Кветкі і карані» (1962), п’ес, лібрэта опер. На эст. мову пераклала асобныя творы П.Броўкі (у зб. «А дні ідуць», 1964), Я.Купалы (у зб. «А зязюлька кукавала...», 1966), Я.Коласа (у зб. «Звон шыбаў», 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб.апавяд. «Даверся мне» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.В.Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і галерэя П.В.Масленікава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РБНІЦА,
гаспадарчая пабудова для захоўвання каштоўных рэчаў (зброі, дакументаў і інш.). Здаўна вядомы ў Літве, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі ў замкава-палацавых і сядзібных комплексах з каменю, цэглы, дрэва, часам аб’ядноўвалі з капліцамі, жылымі і гасп. пабудовамі (Іўе, Копысь Аршанскага р-на). Склаліся 2 тыпы пабудоў: франтальны, пры якім асн.маст. ролю выконваў багата аздоблены гал. фасад з ганкам ці порцікам, часам з гадзіннікавай вежай у цэнтры (в. Варонча Карэліцкага р-на), і цэнтрычнаярусны, з кругавой балюстраднай галерэяй у 2-м ярусе (б. маёнтак Грозаў, Капыльскі р-н). Дзверы звычайна падвойныя — вонкавыя (дубовыя) і ўнутр. (жалезныя), вокны з метал. кратамі.
Ю.А.Якімовіч.
Скарбніца ў былым маёнтку Грозаў (Капыльскі раён Мінскай вобл.). Сярэдзіна 17 ст. Рэканструкцыя.Скарбніца сядзібы ў вёсцы Варонча Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),
сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел.фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд.Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ЗНА (Gniezno),
горад на З Польшчы, у Пазнанскім ваяводстве. Каля 100 тыс.ж. (1994). Прам-сць: гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд., швейная. Тэатр. Музей Пачаткаў Польскай дзяржавы. Арх. помнікі: гатычныя касцёлы — Дзевы Марыі (каля 1342—1415; ад дараманскага касцёла 10 ст. і раманскага касцёла 11 ст. захаваліся керамічныя пліткі падлогі, «Гнезненскія дзверы», бронза, каля 1170), св. Яна (14 ст., фрэскі 1340—60), касцёл і кляштар францысканцаў (13 ст., перабудаваны ў 17—18 ст.).
Гнезна ўзнікла ў канцы 8 ст. У 10 ст. сталіца стараж. польскай дзяржавы Пястаў, значны рамесніцкі цэнтр, вёў гандаль з араб. Усходам, падтрымліваў гандл. сувязі з Кіевам. З 1000 сталіца архіепіскапства, месца каранацыі (да 14 ст.) польск. каралёў. Гар. правы атрымала да 1243. З 1793—1918 у складзе Прусіі (у 1807—15 уваходзіла ў Варшаўскае герцагства). Адзін з гал. цэнтраў велікапольскага паўстання 1918—19.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял.Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІН-КАМІ́НСКІ (Уладзімір Тадэвушавіч) (14.11.1950, Мінск — 10.1.1995),
бел. акцёр. Сын Т.К.Кін-Камінскага. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). Працаваў у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Творчасці ўласцівы майстэрства пераўвасаблення, пошук выразных сцэн. фарбаў, імправізацыя, часам іранічнае стаўленне да персанажа: Драгун («Парог» А.Дударава), Сяржант («Цынкавыя хлопчыкі» С.Алексіевіч), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Буграмеева), Польскі афіцэр, Начальнік патруля і Нямецкі афіцэр («Тутэйшыя» Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), Жорж («Дзверы стукаюць» М.Фермо), сяржант Допель («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера), Я («Дом на мяжы» С.Мрожака). У тэатры-лабараторыі нац. драматургіі «Вольная сцэна» выконваў ролі Падушкападобнага («Ку-Ку» М.Арахоўскага), Сяржанта («Сабака з залатым зубам» У.Савуліча). У 1992—93 у Беластоцкім драм. т-ры: Х.Х., Ян («Эмігранты» і «У адкрытым моры» Мрожака), Майстар («Тэрмінатар» П.Хандке), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МА,
памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.