ФІЛЁНГА (ад ням. Fullung літар. — напаўненне) у архітэктуры, 1) квадратнае або прамавугольнае поле сцяны, пілястры, столі, скляпення і інш., абведзенае рамкай. Найчасцей яе рабілі з таго ж матэрыялу, што і сцяну; дэкарыравалі скульпт. ці жывапісным арнаментам, геральдычнымі выявамі, фактурнай ці колернай тынкоўкай.

2) Тонкая дошка або фанера, якая ўстаўляецца ў дзвярную раму і абрамляецца накладным прафіляваным бруском. Такія дзверы наз. філянговымі.

У Зах. Еўропе Ф. вядомы ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока.

На Беларусі ў 17—20 ст. шырока ўжывалася для аздаблення сцен фасадаў і інтэр’ераў культавых і палацавых будынкаў Пашырана таксама ў арх. дэкоры жылых і грамадскіх будынкаў 1950-х г.

Філёнга ў афармленні партала Успенскага сабора манастыра ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)