ЛІСТАВЁРТКІ (Tortricidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах Азіі. На Беларусі 240 відаў, найб. трапляюцца Л. дубовая зялёная (Tortrix viridana), пладажэрка яблыневая (гл. Пладажэркі), парасткаўюны і інш. Многія віды — шкоднікі лесу, саду, с.-г. культур.

Размах крылаў 8—40 мм (звычайна 10—25 мм), пярэднія крылы рознай афарбоўкі, заднія шэрыя або бурыя. Лічынкі (вусені) даўж. да 20 мм, зеленаватыя, карычневыя або жаўтаватыя, жывуць у скручаных лісцях (адсюль назва), праточваюць хады ў каранях, пад карой, у парастках, пладах, суквеццях, шышках, дзе і акукліваюцца.

А.​М.​Літвінава.

Ліставёрткі: 1 — дубовая зялёная; 2 — парасткаўюн зімуючы (а — самка матыля; б — вусень; в — пашкоджанае лісце, парастак).

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВЫЯ ШАЎКАПРА́ДЫ (Antheraea),

род матылёў сям. паўлінавочак атр. лускакрылых. 2 віды: кітайскі Д.ш. (A. pernyi) і японскі Д.ш. (A. jamamai). На Д. Усходзе трапляецца яго падвід (A. j. ussuriensis). Культывуюць у Кітаі, Японіі, Карэі, Індыі, Расіі, Беларусі і інш. для атрымання прыроднага шоўку. Добра акліматызуюцца.

Крылы ў размаху 10—15 см. Вусені звіваюць коканы. Пры размотванні аднаго кокана атрымліваюць шаўковую нітку даўж. 1,5—5 км. За год даюць 1—2 пакаленні. Вусеняў выкормліваюць лісцем розных відаў дубу (у эксперыменце на бярозе, вярбе, грабе). У адрозненне ад тутавага шаўкапрада шоўк кітайскага Д.ш. больш грубы і моцны; выкарыстоўваюць на выраб часучы, у прыладабудаванні, электратэхніцы, медыцыне.

Да арт. Дубовыя шаўкапрады. Кітайскі дубовы шаўкапрад: 1 — кокан; 2 — вусень; 3 — матыль.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗІЦЫ (Arctiidae),

сямейства начных матылёў. 2 падсям. (уласна М. — Arctiinae і лішайніцы — Lithosiinae), больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі каля 40 відаў, у т. л. М. кая (Arctia caja), М.-пані (Panaxia [Callimorpha] dominula), М. чорная (Arctinia caesarea).

Уласна М. — матылі пераважна з шырокімі крыламі (размах да 85 мм), тоўстым касматым тулавам. Вусікі тонкія, у самцоў грабеньчатыя. Хабаток кароткі, часам недаразвіты. Вусені вельмі касматыя (адсюль назва). Афарбоўка большасці відаў стракатая, са спалучэннем белых, жоўтых, карычневых, пунсовых, чорных, іншы раз з метал. адлівам плям, якія ўтвараюць на крылах своеасаблівы малюнак. Трапляюцца і амаль аднаколерныя (ад белых да шэрых і карычневых) віды. Вусені кормяцца лісцем травяністых раслін. Лішайніцы — невял. і няяркія матылі з вузкімі пярэднімі крыламі, тонкім некасматым тулавам. Вусені кормяцца пераважна лішайнікамі.

Мядзведзіцы: 1 — кая; 2 — вусень каі; 3 — дзяўчынка; 4 — чорная; 5 — лішайніца чатырохплямістая.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІНАВО́ЧКІ, вочніцы,

сатурніды (Attacidae, або Saturniidae),

сямейства начных матылёў. Больш за 1200 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Усх. паўшар’я. Жывуць на раслінах. На Беларусі 2 віды: паўлінава вока малое начное (Eudia pavonia, або Saturnia carpyni, — занесена ў Чырв. кнігу) і паўлінава вока рыжае начное (Aglia tau).

Размах крылаў да 25 см. Тулава тоўстае, укрытае пушыстымі валаскамі. На кожным крыле пасярэдзіне па адной яркай вочкавай пляме — т.зв. «паўлінавыя вочкі» (адсюль назва). Вусікі ў самцоў грабеньчатыя (звязана з моцным развіццём нюху — выяўляюць знаходжанне самак за некалькі кіламетраў), у самак кароткапілаватыя. Хабаток недаразвіты (матылі не кормяцца, жывуць да 2 тыдняў). Вусені масіўныя, пераважна зялёныя, са шматлікімі вырастамі і бародаўкамі, акукліваюцца ў шаўкавістых коканах Некат. П. разводзяць для атрымання шаўкавіны (айлантавы і дубовы шаўкапрады і інш.).

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Паўлінавочкі: 1 — паўлінава вока рыжае начное; 2 — паўлінава вока малое начное (а — самец; б — самка; в — вусень; г — кукалка).

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВЫ ЦЫКЛ, цыкл развіцця,

сукупнасць усіх фаз індывід. развіцця арганізма, у выніку якога ён дасягае спеласці і становіцца здольным даваць патомства. Працягласць Ж.ц. вызначаецца колькасцю пакаленняў (генерацый), што развіваюцца на працягу года, або колькасцю гадоў, на працягу якіх ажыццяўляецца адзін Ж.ц.; залежыць таксама ад перыяду спакою або дыяпаўзы, якія ўласцівы дадзенаму арганізму. У жывёл адрозніваюць просты Ж.ц. (прамое развіццё) і складаны (развіццё з метамарфозам або з чаргаваннем пакаленняў). Напр., Ж.ц. капуснай бялянкі складаецца з фаз (стадый) развіцця: яйцо — вусень — кукалка — імага; у пячоначнага смактуна ад яйца да дарослага паразіта праходзіць 6 стадый развіцця.

Адзінкай пры вывучэнні Ж.ц. можа быць адзін ці шэраг антагенезаў, што змяняюць адзін аднаго. У вышэйшых раслін адрозніваюць аднагадовы, двухгадовы і шматгадовы Ж.ц. Для Ж.ц. многіх ніжэйшых раслін і папарацей характэрна змена гаметафіту і спарафіту. У паразітычных грыбоў Ж.ц. па складанасці падобны да паразітычных чарвей, якія развіваюцца са зменай гаспадароў. Сярод прасцейшых найб. складаны Ж.ц. у спаравікоў, напр., у гемаспарыдый. Пра Ж.ц. чалавека гл. ў арт. Антагенез.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.

Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.

Няпарны шаўкапрад: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень на лісці дуба; 4 — кукалка.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́ВА (Тамара Міхайлаўна) (н. 20.4.1950, г. Мюльдорф, Германія),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1973 выкладала ў Бабруйскім маст. вучылішчы, у 1974 працавала на Мінскім маст. камбінаце, з 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. З 1988 чл. творчага аб’яднання «Няміга—17». Працуе ў кераміцы. Аўтар гарэльефа «Купальская ноч» і пано для рэстарана «Папараць-кветка» ў г. Маладзечна (1984), дэкар. скульптуры «Танец» для Палаца культуры ў г. Мазыр (1985), «Хімеры», «Вартавы» для Дома творчасці Бел. саюза тэатр. дзеячаў у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на (1988). Аўтар керамічных пластоў і скульптур, часта афарбаваных у адзін або кантрастныя колеры. Ім уласцівы геаметрычнасць формаўтварэння, архітэктанічнасць, канцэптуальны падыход да вырашэння ідэі: цыклы «У прасторы сіняга» («Танга», кампазіцыі «З’яўленне», «Джаз», усе 1994), «Спакуса» («Спакуснік», «Аракул», «Жоўты сабака», кампазіцыя «Вежы», усе 1995), «Пункт вяртання» («Гексаграма», «Чаргаванне», «Узаемадзеянне», «Хронас», «Белы зігзаг», «Чорны зігзаг», «Лесвіца», усе 1997), кампазіцыі «Вусень» (1998), «Множанне», «Злучэнне», «Меандр» (усе 1999), серыя «Трохмерныя аб’екты» (2001).

М.​М.​Паграноўскі.

Т.Сакалова. Гексаграма. 1997.

т. 14, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)