СТУ́ЖАЧНІКІ (Ladoga, Limenitis),

род дзённых матылёў сям. німфалід. Пашыраны ва ўмераных шыротах і субтропіках Паўн. паўшар’я. Ва Усх. Еўропе і Азіі 9 відаў. Жывуць у лясах, парках, уздоўж лясных дарог. На Беларусі 2 віды: С таполевы (Limenitis populi) і С. Каміла. або малы (L. camilla).

Размах крылаў да 80 мм; пярэднія шырокія, з папярочнай жылкай, зверху чорныя ці бурыя. з белым малюнкам, з зял. і сінім адлівам, знізу ржава-чырв.; заднія са звілістым краем. Дарослыя кормяцца сокам дрэў, інш. арган. рэчывамі. Вусені С. таполевага жывуць на таполях і асінах, С. Каміла — на бружмелі; кормяцца лісцем.

С.​Л.​Максімава.

Стужачнікі: 1 — Каміла; 2 — таполевы (а — імага; б — вусень; в — кукалка).

т. 15, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)