СІНЕГАЛО́ВІК (Eryngium),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сінегаловік палявы.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРКІ́ (Marmota),

род грызуноў сям. вавёркавых. Вядомы з верхняга міяцэну (каля 5 млн. г. назад). 14 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у адкрытых ландшафтах, у гарах; селяцца ў норах. Зімой упадаюць у спячку. Некат. віды — пераносчыкі і носьбіты ўзбуджальніка чумы і інш. 2 віды: С. Мензбіра (M. menzbieri) і С. ванкуверскі (M. vancouverensis) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 70 см, хваста да 25 см; маса да 9 кг. Афарбоўка ад светлай пясчана-вохрыстай да цёмна-бурай і вохрыста-рыжай. Тулава нязграбнае. Вушы кароткія. Кіпцюры моцныя. Расліннаедныя. Нараджаюць да 10 (звычайна 4—6) дзіцянят за год. Некат. віды — аб’екты промыслу. Гл. таксама Байбак, Тарбаган.

Э.​Р.​Самусенка.

Сурок альпійскі.

т. 15, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

адмоўная структура на ПнЗ Рускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.

Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСТРАБО́К (Hieracium),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 1000 (паводле інш. звестак, да 15 тыс.) відаў. Для Я. характэрны апаміксіс і міжвідавая гібрыдызацыя, што прыводзіць да ўтварэння разнастайных форм. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і гарах тропікаў. На Беларусі каля 50 відаў. Найб. вядомыя Я.: гаёвы (H. sylvularum), лясны (H. sylvestre), ніткападобналісты (H. filifolium), парасоністы (H. umbellatum) і інш. Трапляюцца ў лясах, на ўзлесках, палянах, лугах.

Шматгадовыя травяністыя апушаныя расліны выш. 7—170 см. Сцёблы ад густааблісцелых да амаль бязлістых (лісце ў прыкаранёвай разетцы). Кветкі дробныя, сабраныя ў кошыкі, двухполыя, язычковыя, жоўтыя, радзей аранжавыя. Плод — сямянка. Лек., дэкар. расліны, некат. пустазелле.

Ястрабок: 1 — лясны; 2 — парасоністы; 3 — альпійскі; 4 — аранжава-чырвоны.

т. 18, кн. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БНІК (Crepis),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.

Зубнік балотны.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАНСА́ЛЬСКАЯ МО́ВА, аксітанская мова,

адна з раманскіх моў (гала-раманская група). Пашырана на Пд Францыі і ў Альпійскай Італіі. Мае 2 групы дыялектаў: паўн.-аксітанскія (лімузінскі, авернскі, праванса-альпійскі), сярэдне-аксітанскія (лангедокскі, праванскі) і гасконскі дыялект. У фанетыцы — адкрыты тэмбр галосных, захаванне пераднаціскных е і э, дыфтонгаў ai, oi, ou, ue, вымаўленне зычнага за насавым галосным, вял. колькасць слоў з націскам на перадапошнім складзе; у марфалогіі — спецыфічныя асаблівасці ўжывання часу дзеяслова, развітыя флексіі і інш. Літ. мова з 11 ст., з 13 ст. наз. П.м. У 12—13 ст. на П.м. шырока развіта паэзія трубадураў, сфарміравалася агульнаправансальская пісьм.-літ. мова. Пасля далучэння Праванса да Паўн. Францыі ў 13 ст. П.м. распалася на дыялекты. Пісьменства на аснове лац. графікі. Найб. старажытныя помнікі датуюцца 10—11 ст.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЖМЕ́ЛЬ (Lonicera),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, у Паўд. паўшар’і — у Андах. На Беларусі 1 дзікарослы від — бружмель звычайны, або лясны (L. xylosteum), трапляецца як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўд. мяжы арэалу; больш за 60 відаў інтрадукаваны для зялёнага буд-ва (найб. вядомыя бружмель альпійскі — L. alpigena, алтайскі — L. altaica, гарбаты — L. gibbiflora, духмяны, або капрыфоль, — L. caprifolium, павойны — L. periclymenum, сіні — L. caerulea, татарскі — L. tatarica, ядомы — L. edulis).

Лістападныя і шматгадовазялёныя прамастойныя, сцелістыя, інш. раз павойныя куставыя расліны, рэдка невял. дрэўцы і ліяны. Лісце простае, суцэльнае або лопасцевае, супраціўнае, на чаранках, садзячае або зрослае асновамі, суцэльнакрайняе. Кветкі няправільныя, рознага колеру, размешчаны парамі (дыхазіі) на кароткіх пазушных кветаносах, радзей у складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Дэкар., тэхн., лек. (ірвотны і слабіцельны сродак) і меданосныя расліны.

Бружмель духмяны.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЬША́НЬ,

горная сістэма ў Кітаі паміж Цайдамскай катлавінай на Пд і пустыняй Алашань на Пн. Часам разглядаецца як частка Куньлуня. Даўж. каля 800 км, шыр. да 320 км. Складаецца з некалькіх кароткіх высокіх хрыбтоў, размешчаных паралельна або кулісападобна, якія цягнуцца пераважна з ПнЗ на ПдУ і падзяляюцца падоўжанымі далінамі. Асн. хрыбты: Ціляньшань, Сулэнаньшань з выш. да 6346 м, Улан-Дабан, Дакэн-Дабан, Кукунор. Паўн. хрыбты ўзвышаюцца над пустыняй Алашань да 4500 м, адносныя перавышэнні паўд. схілаў Н. каля 1500 м. Паўд. адгор’і часта ўтвараюць рады кароткіх кражаў. Складзены пераважна з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карставы альпійскі рэльеф, каля 1000 ледавікоў. Зледзяненне развіта пераважна ў Зах. Н. пераважаюць ледавікі даўж. 1—2 км. Снегавая лінія зніжаецца з 3 на У ад 5200 да 4200 м. Большая ч. Н. адносіцца да вобласці ўнутр. сцёку Цэнтр. Азіі, паўд.-ўсх. раёны — да бас. р. Хуанхэ. Рэкі мнагаводныя вясной і летам. На З пераважаюць пустыні і стэпы, на У — лесастэпы і стэпы, хваёвыя лясы, лугі. Радовішчы жал. і поліметалічных руд.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РА-АЛА́Й,

горная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, паміж Памірам і Ферганскай катлавінай, у Кіргізіі, Таджыкістане і Узбекістане. На Пд абмежавана Каршынскім стэпам, Таджыкскай дэпрэсіяй і Алайскай далінай. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 150 км. Яго зах. і сярэднюю часткі складаюць Туркестанскі, Зераўшанскі хр. і Гісарскі хрыбет, усх. ч. — Алайскі хр. з паўн. перадавымі ланцугамі. Пераважаюць выш. каля 5000 м, макс. выш. да 5621 м (пік Ігла). Гал. грабяні хрыбтоў маюць тыповы альпійскі рэльеф; пашыраны карст. У паўн. ланцугах Алтайскага і Туркестанскага хр. і інш. — плоскія выраўнаваныя паверхні. Развіты лёсавыя перадгор’і (адыры). Вечныя снягі і ледавікі (найб. ледавік Зераўшанскі даўж. 25 км у горным вузле Матча). Гісара-Алай — складкавае ўтварэнне герцынскага ўзросту, складзенае з асадкавых і метамарфічных парод з уключэннямі гранітаў, дыярытаў. З інтрузіямі звязаны радовішчы вальфраму, малібдэну, мыш’яку, золата, ртуці, сурмы; ёсць радовішчы вугалю. Асаблівасці клімату абумоўлены вышыннай пояснасцю і нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. Рэкі адносяцца пераважна да бас. Зераўшана і Амудар’і. Азёры: Маргузор, Іскандэркуль і інш. Па схілах гор знізу ўверх паўпустыні пераходзяць, у сярэднягорную леса-лугава-стэпавую зону, вышэй — высакагорныя лугі і гляцыяльна-нівальная зона вечных снягоў, ледавікоў і скал. Запаведнікі: Заамінскі і Раміт.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАРУ́М (цюрк. чорныя каменныя горы),

горная сістэма ў Цэнтр. Азіі, Індыі (штат Джаму і Кашмір) і Кітаі. Адна з самых высокіх у свеце. Размешчана паміж Памірам і Куньлунем на Пн, Гімалаямі і Гандысышанем на Пд. Даўж. каля 800 км. Шыр. ад 150 да 250 км. Сярэдняя выш. каля 6000 м, найвыш. 8611 м (г. Чагары). Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў. Сфарміравана альпійскай складкавасцю. Рэльеф высакагорны, альпійскі, са скалістымі грабянямі, стромкімі схіламі, шматлікімі асыпкамі. Восевая зона складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, мармуру, гранітаў і інш., паўн.-ўсх. частка — з гліністых і вапняковых парод палеазою і мезазою, прарваных інтрузіямі, паўд.зах. частка — з метамарфізаваных вулканагенна-асадкавых утварэнняў. Радовішчы серы, праяўленні берылію, малібдэну, золата і інш. Пл. зледзянення 16,3 тыс. км²; буйныя дэндрытавыя ледавікі — Сіячэн (даўж. 75 км), Балтара, Рымо. К. — водападзел паміж бас. рэк Інд і Тарым. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Ападкаў ад 100 да 500 мм за год. На паўн. схілах халодныя пустыні і сухія стэпы, на паўд. (пад уздзеяннем мусонаў) — стэпы, лугі. На выш. 3000—3500 м лясы з хвоі, гімалайскага кедра; па далінах рэк — галерэйныя лясы з вярбы і таполі. Найб. спецыфічныя жывёлы: дзікі, як, антылопа-аронга, антылопа-ада, дзікія аслы, снежны барс і інш. Да выш. 4000 м вырошчваюць ячмень, гарох, люцэрну, у ніжняй ч. — вінаграднікі, сады.

т. 8, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)