БРУЖМЕ́ЛЬ

(Lonicera),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, у Паўд. паўшар’і — у Андах. На Беларусі 1 дзікарослы від — бружмель звычайны, або лясны (L. xylosteum), трапляецца як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўд. мяжы арэалу; больш за 60 відаў інтрадукаваны для зялёнага буд-ва (найб. вядомыя бружмель альпійскі — L. alpigena, алтайскі — L. altaica, гарбаты — L. gibbiflora, духмяны, або капрыфоль, — L. caprifolium, павойны — L. periclymenum, сіні — L. caerulea, татарскі — L. tatarica, ядомы — L. edulis).

Лістападныя і шматгадовазялёныя прамастойныя, сцелістыя, інш. раз павойныя куставыя расліны, рэдка невял. дрэўцы і ліяны. Лісце простае, суцэльнае або лопасцевае, супраціўнае, на чаранках, садзячае або зрослае асновамі, суцэльнакрайняе. Кветкі няправільныя, рознага колеру, размешчаны парамі (дыхазіі) на кароткіх пазушных кветаносах, радзей у складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Дэкар., тэхн., лек. (ірвотны і слабіцельны сродак) і меданосныя расліны.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)