Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ РЭЛЬЕ́Ф,
тып рэльефу высакагор’яў, якія ляжаць вышэй за снегавую лінію ці зведалі зледзяненне ў плейстацэне. Пашыраны ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе, Паміры, Цянь-Шані і інш. Характэрны востраканечныя вяршыні і вострыя грабяні, глыбокае расчляненне, стромкія схілы, скалістасць, ледавіковыя формы рэльефу (кары, цыркі, трогі, карлінгі і інш.). Адбываюцца актыўныя працэсы снегавой і ледавіковай эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,
прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛЫ́ (Capra),
род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 8 відаў. Паводле будовы рагоў падзяляюць на 4 групы. Пашыраны ў Еўразіі і на ПнЗ Афрыкі. Жывуць у гарах на вышынях да 5500 м, трымаюцца статкамі.
Даўж. да 180 см, выш. ў карку да 115 см, маса да 155 кг. У самцоў вял. рогі рознай формы (у самак маленькія) і доўгая барада. Поўсць кароткая, густая, амаль аднатоннага карычневага ці шэрага колеру. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 казлянят. Траваедныя. Безааравы казёл, вінтарогі К. (C. falconeri) і альпійскі К. (C. idex) — продкі свойскай казы. У Чырв. кнігу МСАП занесены К. вінтарогі і яго афгана-пакістанскі падвід (C.f.megaceros), падвіды К. нубійскага (C. nubiana walie) і К. пірэнейскага (C. pyrenaica hispanica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ, высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІІ НАВУ́К ХРЫБЕ́Т,
на Зах. Паміры, у Таджыкістане. Даўж. каля 110 км. Выш. да 7495 м (пік Камунізму). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод, гранітаў. Водападзельны грэбень мае альпійскі рэльеф; 24 вяршыні ўзнімаюцца вышэй за 6000 м. Укрыты вечнымі снягамі, шмат ледавікоў (агульная пл. 660 км²), у т. л. буйныя — Гарма, Федчанкі, Язгулемскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СКАР,
горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХАНО́С (Baeothryon),
род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў палярным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і высакагорных субтрапічных і трапічных раёнах Азіі. На Беларусі 1 від — П. альпійскі (B. alpinum). Трапляецца па берагах зарослых азёр, на сфагнавых балотах.
Шматгадовыя травяністыя расліны, часта ўтвараюць шчыльныя дзярніны. Сцёблы шматлікія, шурпатыя, тонкія. Лісцевыя пласцінкі кароткія. шчацінападобныя. Кветкі двухполыя ў верхавінкавых малакветкавых каласках. Плод — арэшкападобны. Ранневеснавы і падснежны корм для аленяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАСМО́К (Sanguisorba),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. лекавы (S. officinalis) і 2 інтрадукаваныя: К. альпійскі (S. alpina) і К. танкалісты (S. tenuifolia). Трапляецца на лугах, высечках, у хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі дробныя ў шчыльных галоўчатых ці коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Як лек. сродак (вяжучы, кроваспыняльны. супрацьзапаленчы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Карм. і лек., некат. віды — дэкаратыўныя расліны.