ЛЫСЯ́ТАЎ (Юрый Васілевіч) (1.2.1929, г. Калуга, Расія —24.8.1997),

бел. кінарэжысёр дакументальнага кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1961). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчай манеры Л. ўласцівы лірычная танальнасць, імкненне да натуральнасці, выкарыстанне шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў. Жыццё Беларусі, праблемы сучаснай вёскі ў фільмах «Мы з Беларусі» (1974), «Зямля мая — лёс мой» (1978; з Р.​Ясінскім), «Бацькоўскае поле» (1979), «Асабісты гектар» (1982), «Круглы год» (1984). Паставіў таксама фільмы: «Паляванне са старым сабакам» (1968), «Лілія — дачка Геаргіцы» (1971), «Мужчынскія галасы» (1973), «Іван Мележ» (1977), «Лятаючы Якаў» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.​І.​Сяўковіч.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАНКА (Пётр Мікалаевіч) (н. 9.4.1957, Мінск),

бел. жывапісец. Сын М.П.Назаранкі, брат А.М.Назаранкі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1985 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа ў рэаліст. манеры. Творы вызначаюцца складанасцю каларыту, тонкай мадэліроўкай форм, псіхал. пранікненнем у глыбіню вобраза: «На прасторах Міншчыны» (1981), «Дыялог» (1982), «Фангомы», «Золата захаду» (абодва 1984), «Поле бою, поле вечнага жыцця» (1985), «Лімонны сок» (1989), «Белы бэз», «Успаміны» (абодва 1990), «Зямля Скарыны» (1992), «Туман» (1993), «Вераніка», «Месяцовая ноч» (абодва 1994), «Маланка» (1998), серыя «Нясвіж» (1998—99), «За каханне» (2000) і інш.

П.Назаранка. Месяцовая ноч. 1994.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НГЕЙМ, Мангайм (Mannheim),

горад у Германіі, зямля Бадэн-Вюртэмберг. Размешчаны на правым беразе р. Рэйн, пры ўпадзенні р. Некар. Узнік на месцы рыбалавецкага пасёлка ў пач. 17 ст. 318 тыс. ж. (1994). Буйны рачны порт і чыг. вузел. Аэрапорт. У М. заканчваецца адгалінаванне нафтаправода Марсель—Карлсруэ. Разам з г. Людвігсгафен, з якім злучаны мостам, утварае прамысл. агламерацыю. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць электратэхн. абсталявання, прылад, аўтамашын, станкоў, с.-г. машын), хім., тэкст., папяровая, харчасмакавая. У раёне М. — буйны нафтаперапр. з-д. Ун-т. Планетарый. Выдавецтвы. Арх. помнікі: палац (1720—60, буйнейшы ў Германіі, цяпер ун-т), езуіцкі касцёл (1738—60), ратуша (1701—11).

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),

лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл. Ракета-носьбіт).

Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д. Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямлязямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл. Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс. км на выш. каля 30—100 м).

Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст. англ. канструктар У.​Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл. Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.​Дз.​Засядка, К.​А.​Шыльдэра, К.​І.​Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.​В.​Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.​Гансвінт (Германія), Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.​Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).

Літ.:

Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;

Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;

Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;

Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;

Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;

Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;

Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНЯЯ САКСО́НІЯ (Niedersachsen),

зямля (адм. адзінка) на Пн Германіі. Пл. 47,6 тыс. км². Нас. каля 7,8 млн. чал. (1998). Адм. ц.г. Гановер. На Пн абмываецца Паўночным м. Рэльеф нізінны (на Пн), раўнінны (у сярэдняй ч.), нізкагорны (на Пд, горы Гарц, выш. да 926 м). Клімат умераны, марскі. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год 600—700 мм. Пад лесам каля 1 млн. га. Пераважаюць шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб, ліпа). Эканоміка індустр.-агр. характару. На тэр. Н.С. радовішчы нафты, прыроднага газу, руд жалеза і каляровых металаў, калійнай і кухоннай солі. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., у т. л. аўтабудаванне, эл.-тэхн., электронная, агульнае машынабудаванне, харч., тэкст., швейная, хім., нафтаперапр., чорная металургія. Прамысл. цэнтры: Зальцгітэр (чорная металургія), Вольфсбург (легкавыя аўтамабілі), Гановер і Браўншвайг (грузавыя аўтамабілі і аўтобусы), Вільгельмсгафен (канторскія машыны), Эмдэн (суднабудаванне). У сельскай гаспадарцы пераважае высокапрадукцыйная таварная жывёлагадоўля (малочная жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Лугі і пашы займаюць каля палавіны с.-г. угоддзяў. Гал. культуры: кармавыя травы, караняплоды, бульба, ячмень, пшаніца, жыта. Садоўніцтва і агародніцтва. Рыбалоўства і марскія промыслы. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. порт Вільгельмсгафен. Суднаходства па Сярэднегерманскім канале, Эльбе, Везеру і інш. Нафта- і газаправоды ад радовішчаў і марскога ўзбярэжжа да значных гарадоў і на Пд краіны.

Зямля ўтворана 1.11.1946 брыт. акупац. ўладамі з б. прускай прав. Гановер і зямель Браўншвайг, Ольдэнбург, Шаўмбург-Ліпе. У 1947 далучана ч. зямлі Брэмен. З 1949 у складзе ФРГ. У 1990—98 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.​Шродэр (з кастр. 1998 федэральны канцлер ФРГ).

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЭ́ЦА (Ляіля Ахцямаўна) (н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),

бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст. ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн. работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.​Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.​Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.​Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.​Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».

Л.Варэца. Паштоўкі (зверху ўніз): «П.​Сергіевіч», «Ф.​Рушчыц», «Я.​Драздовіч». 1994.

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕ (Уладзімір Юльевіч) (5.3.1886, г. Пушкін, Расія — 19.2.1954),

савецкі акіянолаг, даследчык Арктыкі. Чл.-кар. АН СССР (1933). З 1928 супрацоўнік Арктычнага ін-та, з 1945 праф. у Ленінградскім ун-це. У 1912—14 удзельнік экспедыцыі Г.Я.Сядова, у 1921—22 — экспедыцыі на «Таймыры», у 1924, 1928 і 1931 — на «Малыгіне». Навук. кіраўнік экспедыцый на «Георгіі Сядове» (1930), «Сібіракове» (1932) і «Латке» (1934). Аўтар прац па акіянаграфіі, метэаралогіі. Распрацаваў метады лядовых прагнозаў. Дзярж. прэмія СССР 1946. Імем Візе названы востраў у Карскім м., ледавік, мыс і бухта на в-ве Новая Зямля.

Тв.:

Основы долгосрочных ледовых прогнозов для арктических морей. М., 1944;

Моря Советской Арктики. 3 изд. М.; Л., 1948.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ЦІ ((Onetti) Хуан Карлас) (н. 1.7.1909, г. Мантэвідэо, Уругвай),

уругвайскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў новай лац.-амер. прозы. На пачатку творчасці зазнаў уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Аўтар зб-каў апавяданняў «Самае жахлівае пекла» (1962), «Сумная, як яна» (1963), аповесцяў «Калодзеж» (1939), «Для адной безыменнай магілы» (1959), раманаў «Нічыйная зямля» (1941), «Кароткае жыццё» (1950), «Верф» (1961), «Хунтакадаверэс» (1964), «Дадзім слова ветру» (1978), «У тыя часы» (1987) і інш. Паўфантастычныя сюжэтныя сітуацыі ў творах Анеці часам набываюць сімвалічнае гучанне; з глыбокім псіхалагізмам даследуе пачуццё бяссілля, прыгнечанасці, працэс разрыву герояў з рэчаіснасцю варожага свету. Прэмія М.​Сервантэса (1980).

Тв.:

Obras completas Mexiko, 1970;

Рус. пер. — Короткая жизнь. Верфь: Романы;

Повести и рассказы. М., 1983.

Х.-К.​Папок.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКСТЭХУ́ДЭ ((Buxtehude) Дзітрых) (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),

дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням. барока і буйнейшы папярэднік І.​С.​Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр. творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖЫ́ВІКА (санскр.),

адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст. да н.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)