«НАРО́Д»,

газета, орган Бел. сял. партыі. Выдавалася з 18.8.1927 да ліп. 1929 у Вільні на бел. мове. Адлюстроўвала паліт. пазіцыю правацэнтрысцкай групоўкі ў бел. нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Апублікавала шэраг артыкулаў па праблемах бел. вызв. руху («Не дадзімся збіць з беларускай дарогі» М.Пронскага, «Беларускі рух і бальшавікі», «Дзе выхад?» і інш.). Надрукавала выступленне ў сейме дэпутата ад Навагрудскай акр. Я.Станкевіча, крытычны арт. «Польскае вучыцельства ў Заходняй Беларусі», нататкі пра Паўн. кірмаш і маст. выстаўку ў Вільні, рэцэнзію на падручнік С.А.Любіч-Маеўскага, ліст А.Каўша. Друкавала паэму «Новая зямля» Я.Коласа, у бел. перакладзе аповесць «Абарона зямлі» У.Рэйманта. Выйшла 25 нумароў.

А.С.Ліс.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)