МАГНІТАСФЕ́РА Зямлі і планет,

зона каляпланетнай прасторы, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем планеты і яго ўзаемадзеяннем з патокамі зараджаных часціц касм. паходжання (сонечным ветрам). Асн. ўмова, якая вызначае месцазнаходжанне мяжы М., — роўнасць магн. ціску поля планеты і кінетычнага ціску сонечнага ветру. М. Зямлі з дзённага боку распасціраецца да 8—14 зямных радыусаў, з начнога — выцягнутая, утварае т.зв. магн. хвост Зямлі ў некалькі соцень зямных радыусаў. У М. знаходзяцца радыяцыйныя паясы. У Юпітэра і Сатурна М. працяглыя, у Меркурыя, Венеры і Марса М. невыразныя. М. адыгрывае важную ролю ў фарміраванні атмасферы Зямлі, яе клімату, развіцці жыцця, ахоўвае жывы свет Зямлі ад шкоднага ўздзеяння сонечнага ветру. Гл. таксама Зямля.

А.​А.​Шымбалёў.

Будова магнітасферы Зямлі.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)