МАКСІМО́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч

(15.9.1804, с. Багуславец Залатаношскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 4.12.1873),

украінскі прыродазнавец, гісторык, філолаг і фалькларыст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1871). Скончыў Маскоўскі ун-т (1823), з 1826 выкладаў у ім (з 1833 праф.). У 1834—41 праф. Кіеўскага ун-та, адначасова ў 1834—35 яго першы рэктар. З 1845 жыў і працаваў у маёнтку Міхайлава Гара (цяпер с. Прохараўка Палтаўскай вобл.). Працы па прыродазнаўстве, філалогіі, гіст. геаграфіі, гісторыі Украіны і Кіеўскай Русі. У творах «Адкуль пайшла Руская зямля» (1837), «Гісторыя старажытнай рускай славеснасці» (1839), «Пра паходжанне варага-русаў» (1841) крытыкаваў нарманскую тэорыю паходжання стараж.-рус. дзяржаўнасці, даказваў агульнасць паходжання рус., укр. і бел. народаў. Выдаў 3 зб-кі ўкр. нар. песень.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)