ГАЯВА́Я Валянціна Іванаўна
(н. 22.7.1936, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія),
бел. балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыла Вышэйшую прафсаюзную школу ВЦСПС у Ленінградзе (1965). З 1967 кіраўнік дзіцячай харэагр. студыі ў Магілёве, з 1973 балетмайстар Бел. філармоніі. З 1974 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар створанага ёю (з М.Дудчанкам) бел. дзярж. харэагр. ансамбля «Харошкі». Пастаўленыя ёю бел. нар. танцы, вак.-харэагр. кампазіцыі, варыяцыі на тэмы гіст. абрадаў, гіст. балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэагр. мініяцюр «Бывай, 20 стагоддзе!», заснаваны на гар. фальклоры 19 ст., і інш. прывабліваюць спалучэннем нар. пластыкі з сучаснай экспрэсіяй; у іх адлюстраваны ўласныя назіранні балетмайстра над нар. абрадамі, танцамі, адзеннем у розных этнагр. рэгіёнах Беларусі. Паставіла танцы ў оперы «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982).
т. 5, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)