Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Міхаіл Якаўлевіч) (17.3.1931, в. Белы Мох Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1970),
бел.жывапісец і графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.ін-т (1960). У 1960—70 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у жанрах партрэта, быт., станковай графіцы. Жывапісныя работы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, багаццем каларыту, псіхалагізмам: «Настаўніца» (1960), партрэты бел. пісьменнікаў Я.Брыля, Я.Семяжона (абодва 1967), Н.Гілевіча (1968) і інш. Аўтар шматлікіх малюнкаў, карыкатур і шаржаў на тэмы культ. жыцця (альбом «Няўрокам кажучы...», 1971).
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТА ((Lotto) Ларэнца) (каля 1480, г. Венецыя, Італія — 1556),
італьянскі жывапісец. У творчасці спалучаў традыцыі венецыянскай і ламбардскай школ жывапісу, уплывы мастацтва Рафаэля, Карэджа і паўн.-еўрап. майстроў. Творы Л. вызначаюцца эмацыянальнай напружанасцю, жыццёвай пераканаўчасцю вобразаў і пейзажных фонаў, вытанчанай гучнасцю каларыту. Сярод твораў: «Мадонна са св. Пятром пакутнікам» (1503), «Зняцце з крыжа» (1512), «Дабравешчанне» (каля 1527), «Укрыжаванне» (1531), «Мадонна з ружанцам» (1539), фрэскі ў капэле Суардзі ў Трэскоря (1524) і інш. Аўтар партрэтаў епіскапа Б. дэ Росі (1505), дамініканца (1526), Феба да Брэшыя (1550-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),
французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯНКО́Ў (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 19.12.1921, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.жывапісец. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыў Растоўскае маст. вучылішча (1949). Сярод твораў: тэматычныя карціны «У звальненні» (1965), «Бярозавы сок» (1969), «Франтавы сон» (1975), «Салдацкая песня» (1985), «Памяці вучняў Віцебскага мастацкага вучылішча, якія не вярнуліся з палёў бітвы» (1994), «Беларуская турыстка на Канарскіх астравах» (2000); пейзажы «Восень на Прыпяці» (1972), «Крыгаход на Сажы» (1978), «Майская зелень Палесся» (1982), «Красавік у ваколіцах Гомеля» (1986), «Ранні снег» (1991), «Дубы. Восень» (1995), «Палескі пейзаж» (1998), «Бярозавы гай. Май» (2000); партрэты. Творам характэрны сакавіты каларыт, маляўнічасць вобразнага вырашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКО́Ў (Іван Васілевіч) (16.2.1918, в. Трэскіна Інжавінскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 21.7.1986),
бел.жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1938). Аўтар пейзажаў «На берагах сівога Нёмана» (1968), «Сімфонія палёў» (1970), «Зялёны май» (1971), «Вясна на Нёмане» (1972), «Маладое жыта» (1973), «Возера Свіцязь» (1977), «Залатая восень» (1979), «Край прынёманскі» (1981); сюжэтна-тэматычных карцін «Партызанскі налёт» (1946), «Праследаванне ворага» (1948), «А.Міцкевіч і Тамаш Зан на Свіцязі» (1955), «А.Пашкевіч (Цётка) у Э.Ажэшкі» (1965), «Э.Ажэшка і А.Пашкевіч» (1976). Творы вызначаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ДЗІН (Мікалай Міхайлавіч) (19.5.1903, г. Самара, Расія — 10.4.1987),
расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Правадз.чл.АМСССР (1967). Вучыўся ў маск. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — ін-це (1923—30). У 1930-я г. працаваў пераважна ў гіст.-рэв. жанры («Прыфрантавы рэўком», 1934—37). Вядомасць набылі лірычныя пейзажы, якім уласцівы свежасць успрыняцця прыроды, эпічная казачнасць, праца пры вячэрнім асвятленні. Сярод твораў: «Сяло Хмялёўка» (1944), серыі «Волга — руская рака» (1944 45), «Рускія мелодыі» (1946—57), «Чатыры пары года» (1952—53), «Кудзінскае возера» (1974—78) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛА́СКЕС ((Velázquez; Velásquez) Дыега Радрыгес дэ Сільва і) (6.6.1599, г. Севілья, Іспанія — 6.8.1660),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі ў Ф. дэ Эрэры Старэйшага і Ф.Пачэкі (1610—16). З 1623 прыдворны жывапісец Філіпа IV. Яго творчасць — вяршыня «залатога веку» ісп. жывапісу. Дэмакратызм і рэалізм творчасці Веласкеса праявіўся ўжо ў ранніх палотнах: «Снеданне» (1617), «Ваданос» (каля 1620). Нават афіцыйныя заказныя партрэты Веласкеса вылучаліся бязлітаснай праўдзівасцю характарыстык і псіхал. глыбінёй: «Філіп IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцій Х» (1650). Гуманістычны характар яго творчасці яскрава выявіўся ў партрэтах дзіцячых («Інфант Бальтасар Карлас», 1634—35, «Інфанта Маргарыта», 1659), прыдворных блазнаў («Себасцьян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі», 1631—48), рэалістычных («Хуан Матэас», канец 1632, «Дама з веерам», канец 1648, «Хуан Парэха», 1650). У творах на рэліг. і міфалаг. тэмы («Пакланенне вешчуноў», 1617, «Хрыстос у доме Марфы і Марыі», 1622, «Кузня Вулкана», «Вакх», 1630, «Венера перад люстэркам», 1648—49) вобразы святых і міфалаг. багоў Веласкес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей. Яго творы «Здача Брэды», «Меніны» («Фрэйліны», 1656), «Папрадухі» («Міф аб Арахане», 1657) вызначылі ў еўрап. мастацтве 17 ст. новы тып шматпланавай карціны з кампазіцыйнымі і святлоценявымі эфектамі, паглыбленым псіхалагізмам. Каларыстыка яго твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, святлонасычанасцю. Творы Веласкеса былі прадметам вывучэння і крыніцай натхнення для Ф.Гоі, Э.Манэ, П.Пікаса.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Веласкес. М., 1978;
Justi C. Diego Velazquez und siene Jahrhundert. Leipzig, 1991.