[Gioigione; сапр.Барбарэлі да Кастэльфранка (Barbarelli da Castelfranco) Джорджа; 1476 або 1477, г. Кастэльфранка-Венета, Італія — вер. або кастр. 1510],
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу, адзін з пачынальнікаў мастацтва Высокага Адраджэння. Вучыўся, верагодна, у Дж.Беліні, быў блізкі да венецыянскіх гуманістаў, вядомы таксама як спявак і музыкант. Побач з кампазіцыямі на рэліг. тэмы («Пакланенне пастухоў», каля 1504) пісаў карціны на свецкія, у асн. міфал., сюжэты, якія ў яго творчасці сталі пераважнымі. У творах «Юдзіф» (каля 1502), «Тры філосафы», «Навальніца» (абедзве 1506—07), «Спячая Венера» (1507—08) паэт. ўяўленні мастака пра багацце скрытых у свеце і чалавеку жыццёвых сіл раскрываюцца не ў дзеянні, а ў перадачы стану агульнай маўклівай адухоўленасці. Захоўваючы ўласцівыя мастацтву Ранняга Адраджэння яснасць аб’ёмаў і меладычную выразнасць контураў, ён з дапамогай празрыстага святлаценю дасягаў зрокавага зліцця чалавечых фігур з пейзажам. Выкананыя ім партрэты вызначылі інтымна-лірычную танальнасць (партрэт юнака, 1502, жаночы партрэт, т. зв. «Лаура», 1506). Творчая канцэпцыя Дж. зрабіла значны ўплыў на венецыянскі жывапіс і атрымала развіццё ў яго вучня Тыцыяна.