ВЕНЕЦЫЯ́НАЎ Аляксей Гаўрылавіч
(18.2.1780, Масква — 16.12.1847),
рускі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў быт. жанру ў рус. жывапісе. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1811). Вучыўся ў У.Баравікоўскага. У ранні перыяд пісаў інтымныя лірычныя партрэты А.І.Бібікава, М.А.Фанвізіна, часам блізкія да рамантызму. У 1807 падрыхтаваў 4 афорты («Вяльможа» і інш.) для «Часопіса карыкатур на 1806 год у тварах» — першага ў Расіі ілюстраванага гумарыстычнага лістка. З 1819 жыў у в. Сафонкава Цвярской губ., дзе пісаў партрэты сялян і сцэны з іх жыцця («Ачыстка буракоў», пастэль, 1822; «Гумно», каля 1821—23, «Пастух, які спіць», 1823—24; «На раллі. Вясна», «На жніве. Лета», абедзве 1820-я г., «Галава старога селяніна», 1825). У сваіх творах ствараў ідэалізаваныя паэт. вобразы сял. жыцця, звязаныя з прыгажосцю рус. прыроды. У канцы 1820-х г. заснаваў прыватную маст. школу, у якой вучыліся і працавалі жывапісцы М.Крылоў, А.Тыранаў, Я.Крандоўскі, Л.Плахаў, А.Аляксееў, А.Дзянісаў, С.Заранка, Р.Сарока.
Літ.:
А.Г.Венецианов: Ст.;
Письма;
Современники о художнике. Л., 1980.
т. 4, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)