МАЁРАЎ (Генрых Аляксандравіч) (н. 6.9.1936, г. Улан-Удэ, Расія),
артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў І.Бельскага (1967—72). З 1972 балетмайстар, з 1977 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі (Кіеў), з 1979 гал. балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Ў 1983—86 у маскоўскім Муз. т-ры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. З 1988 заг. кафедры Маскоўскага харэаграфічнага ін-та. Балеты М. вылучаюцца танцавальнасцю, жыццярадаснасцю, даступнасцю харэаграфічнай драматургіі. Майстар харэаграфічнай мініяцюры. Сярод пастановак: «Паэма досвітку» В.Касенкі (1973), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Вяртанне» на муз. Б.Ляташынскага і «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (1975), «Дзяўчына і смерць» Г.Жукоўскага (1978), «Маленькі прынц» Я.Глебава (1983, Вял.т-р і інш.), «Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага (1984) і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў «Курган» Глебава (1982), «Чыпаліна» (1985). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета і балетмайстраў у Маскве (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТЭРНІХ, Метэрніх-Вінебург (Metternich-Winneburg) Клеменс Венцэль фон (15.5.1773, г. Кобленц, Германія — 11.6.1859), аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь (1803). Са стараж. дваранскага роду. З 1801 аўстр. пасланнік у Саксоніі, з 1803 — у Прусіі, з 1806 — у Францыі. У 1809—21 міністр замежных спраў і фактычна кіраўнік аўстр. ўрада, у 1821—48 прыдворны і дзярж. канцлер. Напачатку праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. Пасля разгрому войск Напалеона I у Расіі заключыў у 1813 з Расіяй і Прусіяй Райхенбахскую канвенцыю аб саюзе. У час Венскага кангрэса 1814—15 дамогся стварэння Герм. саюза на чале з Аўстрыяй; падпісаў у снеж. 1815 сакрэтны дагавор з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Францыі супраць Расіі і Прусіі. М. — адзін з арганізатараў Свяшчэннага саюза 1815—33. Пасля рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі эмігрыраваў у Вялікабрытанію, з 1849 у Бельгіі. У 1851 вярнуўся ў Аўстрыю. Еўрап. гісторыкі лічаць М. міратворцам, стваральнікам канцэпцыі дзярж. ладу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў і сістэмы еўрап. раўнавагі (сістэма М.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,
«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.А.Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОР ((More) Томас) (7.2.1478, Лондан — 7.7.1535),
англійскі гуманіст, пісьменнік і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це, юрыд. школах Лондана. У 1504 выбраны ў палату абшчын парламента, у 1529—32 лорд-канцлер каралеўства, падтрымліваў Контррэфармацыю. У гал. творы «Утопія» (1516) даў разгорнутую крытыку сац. ўкладу Англіі, паказаў ідэальную мадэль дзярж. і грамадскага ладу, які грунтуецца на грамадскай уласнасці, усеагульнай і абавязковай працы, справядлівым размеркаванні багацця, свабодным развіцці асобы; паліт. лад Утопіі заснаваны на прынцыпах выбарнасці і старшынства, сям’я прадстаўлена ячэйкай камуніст. быту і гасп. дзейнасці. Пабудову новага грамадства звязваў з развіццём свядомасці і маральным выхаваннем народа і валадароў, рэліг. верацярпімасцю. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і пакараны смерцю; кананізаваны каталіцкай царквой (1935). Утапічныя ідэі М. станоўча паўплывалі на гуманістаў розных эпох (Марэлі, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш).
Тв.:
Рус.пер. — Утопия. М., 1978.
Літ.:
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́ТАЎ (Велі) (Велімухамед; н. 5.5.1916, аул Багір, Туркменістан),
туркменскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў туркм.прафес. музыкі. Нар.арт.СССР (1965). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1951). У 1954—59 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Туркменістана. З 1972 выкладаў у Туркм.пед. ін-це (з 1982 праф.). Аўтар музыкі Дзярж. гімна Туркменіі (1946). Значны яго ўклад у развіццё нац. опернага і сімф. жанраў. Сярод твораў: оперы «Паэт і суддзя» (паст. 1947), «Захрэ і Тахір» (паст. 1953, абедзве з А.Шапашнікавым), «Канец крывавага водападзелу» (паст. 1967), балет «Белая бавоўна» (паст. 1945; з А.Зноска-Бароўскім), араторыя «Мой Ашхабад» (1981); вак.-сімф. паэма (1970), кантаты, оды для салістаў, хору і арк. (1979, 1982, 1985); 3 сімфоніі (1974—85), «Туркменская сюіта» (1950), сімф. паэма «Мая Радзіма» (1951); 3 паэмы для арк.нар. інструментаў (1965—82), хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ЛЬСКІ ПРЫКА́З,
адзін з цэнтр.дзярж. органаў Расіі ў 1549—1720, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і бягучую працу па зносінах з замежнымі краінамі. Гал. функцыі: адпраўка пасольстваў Расіі за мяжу, прыём замежных пасольстваў, падрыхтоўка інструкцый рас. паслам, пагадненняў, вядзенне перагавораў, з пач. 18 ст. — прызначэнне і кантроль за дзейнасцю пастаянных рас.дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой. П.п. займаўся таксама выкупам рас. палонных, кіраваў шэрагам зямель на ПдУ і ў інш. рэгіёнах краіны, ведаў данскімі казакамі і служылымі татарамі-памешчыкамі цэнтр. паветаў. У 17 ст. ад П.п. залежалі прыказы Маларасійскі, Смаленскі і ВКЛ. У П.п. захоўваліся дзярж. пячаткі і архіў. Узначальваўся кіраўніком (звычайна дзякам) і калегіяй з 2—6 чал., падзяляўся на павыцці (аддзелы) паводле тэр.-дзярж. прыкмет. З узнікненнем у пач. 18 ст. Пасольскай канцылярыі П.п. паступова страчваў значэнне, у 1720 скасаваны і заменены Калегіяй замежных спраў.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны гаспадарчы суб’ект з правамі юрыд. асобы, які на аснове выкарыстання працоўным калектывам маёмасці вырабляе і рэалізуе прадукцыю, выконвае работы, аказвае паслугі. Мае права займацца любой гасп. дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам, прадугледжаным у статуце П. Мае самаст. баланс, разліковы і інш. рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем. Адрозніваюць П. дзяржаўныя, камунальныя, калектыўныя, індывідуальныя (сямейныя, прыватныя). Дзярж. П. ствараюцца за кошт бюджэтных асігнаванняў або ўкладаў інш.дзярж. устаноў, атрыманых даходаў і інш. крыніц. Маёмасць камунальных П. ствараецца за кошт асігнаванняў са сродкаў адпаведнага мясц. бюджэту або з укладаў інш. камунальных П. і інш. законных крыніц, што знаходзяцца ва ўласнасці раёна, інш.адм.-тэр. утварэнняў, органаў мясц. самакіравання. Калект. і індывід. П. фарміруюцца з маёмасці калектываў, сем’яў, грамадзян або ў выніку набыцця імі дзярж. або камунальнага П. Ва ўмовах пераходу да рынку адначасова з пашырэннем самастойнасці дзеючых П. узнікла мэтазгоднасць стварэння новых форм эканам. інтэграцыі — асацыяцыі, біржы, кансорцыумы, канцэрны, таварыствы, прадпрыемствы сумесныя і малыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́АМ (Абрам Мацвеевіч) (28.6.1894, Вільня — 26.7.1976),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1950). Нар.арт. Расіі (1965). Вучыўся ў Петраградскім псіханеўралагічным ін-це, Саратаўскім ун-це. З 1919 рэжысёр т-раў у Саратаве, з 1923 Т-ра Рэвалюцыі ў Маскве. У 1924—34 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Першы фільм — «Што гаворыць «Мос», гэтае адгадай пытанне» (1924). Паставіў фільмы: «Бухта смерці» (паводле апавядання А.Новікава-Прыбоя «У бухце «Атрада»Х «Здраднік» (паводле апавядання Л.Нікуліна «Матроская цішыня», абодва 1926), «Трэцяя Мяшчанская» (1927), «Прывід, які не вяртаецца» (1930, паводле навелы А.Барбюса «Спатканне, якое не адбылося»), «Нашэсце» (1945, паводле Л.Лявонава; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Гранатавы бранзалет» (1965, паводле А.Купрына), «Кветкі запозненыя» (1970, паводле А.Чэхава), «Дачасны чалавек» (1972, паводле п’есы М.Горкага «Якаў Багамолаў»). Фільмы адметныя вострай трактоўкай маральных праблем, псіхалагізмам, высокай акцёрскай і выяўл. культурай. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (ад англ. press-conference),
сустрэча дзярж., паліт., грамадскіх ці навук. дзеячаў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі для паведамлення пэўных звестак, высвятлення актуальных пытанняў грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДА́НАЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 28.1.1949, в. Селішча Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.2.1995),
бел. тэатральны мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). З 1984 працаваў у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі (з 1986 гал. мастак), адначасова выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1988—89) і Ін-це культуры (1988—90). Работы вылучаюцца разнастайнасцю творчай манеры, ад тонкай стылізацыі да абагульненасці. Аформіў спектаклі: «Месье Амількар, або Чалавек, які плаціць» І.Жаміяка (1983), «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Блакітная ружа» Т.Уільямса і «Бездань» М.Матукоўскага (1991) і інш. ў Бел. т-ры імя Я.Купалы; «Калі лялькі не спяць» Л.Мілевай (1983) у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача; «Кармэн» Ж.Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі; «У наступным годзе ў гэты ж час» Б.Слэйда (1990) у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі; «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.Коласа; «Сірано» С.Пажлакова (1984), «Сільва» І.Кальмана (1986), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі, а таксама ў муз. і драм. т-рах Краснаярска, Магадана (Расія), Чыятура (Грузія). З 1988 чл. праўлення Савета міжнар. асацыяцыі сцэнографаў і тэхнікаў т-ра.
Н.Я.Бунцэвіч.
У.Жданаў. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Халопка» М.Стрэльнікава.