ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны гаспадарчы суб’ект з правамі юрыд. асобы, які на аснове выкарыстання працоўным калектывам маёмасці вырабляе і рэалізуе прадукцыю, выконвае работы, аказвае паслугі. Мае права займацца любой гасп. дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам, прадугледжаным у статуце П. Мае самаст. баланс, разліковы і інш. рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем. Адрозніваюць П. дзяржаўныя, камунальныя, калектыўныя, індывідуальныя (сямейныя, прыватныя). Дзярж. П. ствараюцца за кошт бюджэтных асігнаванняў або ўкладаў інш. дзярж. устаноў, атрыманых даходаў і інш. крыніц. Маёмасць камунальных П. ствараецца за кошт асігнаванняў са сродкаў адпаведнага мясц. бюджэту або з укладаў інш. камунальных П. і інш. законных крыніц, што знаходзяцца ва ўласнасці раёна, інш. адм.-тэр. утварэнняў, органаў мясц. самакіравання. Калект. і індывід. П. фарміруюцца з маёмасці калектываў, сем’яў, грамадзян або ў выніку набыцця імі дзярж. або камунальнага П. Ва ўмовах пераходу да рынку адначасова з пашырэннем самастойнасці дзеючых П. узнікла мэтазгоднасць стварэння новых форм эканам. інтэграцыі — асацыяцыі, біржы, кансорцыумы, канцэрны, таварыствы, прадпрыемствы сумесныя і малыя і інш.
т. 12, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)