ПЯЎЦО́Ў Іларыён Мікалаевіч (7.12.1879, б.мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» пад кіраўніцтвам У.Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм.т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра, Маскоўскім маст.акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева), Павел I («Павел I» Дз.Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ЛЬМАХ Уладзімір Мацвеевіч (15.7.1910, в. Бушмічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. —27.1.1974),
бел. тэатральны дзеяч, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў студыю БДТ-2 (1930), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1954). Акцёрбел. трама (з 1930), т-ра юнага гледача імя Н.Крупскай (1937—41), дырэктар т-раў імя Я.Коласа (з 1943), оперы і балета Беларусі (з 1945), імя Я.Купалы (1947—51), рэсп.т-ра юнага гледача (1955—66). Характарны акцёр. З лепшых роляў: Косця-капітан («Арыстакраты» М.Пагодзіна), фельдфебель Мокры («Музыканцкая каманда» Д.Дэля) у траме; рабочы Розенц («Гады выпрабаванняў» К.Райманд), Пан («Цудоўная дудка» В.Вольскага) у т-ры юнага гледача. Аўтар п’ес «Шляхі» (паст. 1931), «Канец маскараду» (з Ю.Рудзько, паст. 1938) і інш. Аўтар кніг «Народны артыст СССР Г.П.Глебаў» (1954), «Шляхі беларускага тэатра» (1964), «Кранаючы чуткія струны душы» (1966), «Тэатр і час: Запіскі дырэктара тэатра» (1973), артыкулаў пра бел. т-р. Пераклаў на бел. мову «Хітрыкі Скапэна» Мальера (паст. 1940).
Літ.:
Пятровіч С. Уладзімір Стэльмах // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРХА́НАЎ (сапр.Масквін) Міхаіл Міхайлавіч
(19.9.1877, Масква — 18.8.1948),
расійскі акцёр, педагог, рэжысёр. Брат І.М.Масквіна. Нар.арт.СССР (1937). Д-р мастацтвазнаўства (1939). На сцэне з 1898 — акцёр правінцыяльных т-раў, у т. л. ў Мінску, Віцебску. З 1922 у Маскоўскім Маст.акад. т-ры. У 1942—48 маст. кіраўнік Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1939 праф.). Мастацтва Т. вызначалася багаццем камедыйна-сатыр. фарбаў, выразнасцю акцёрскіх прыёмаў пры тонкім пранікненні ў сутнасць вобраза. Сярод роляў: Градабоеў, Дзікой («Гарачае сэрца», «Навальніца» А.Астроўскага), Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Сямёнаў («У людзях» паводле М.Горкага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Фурначаў («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Лука («На дне» М.Горкага). Здымаўся ў кіно: «Навальніца», «Іудушка Галаўлёў», «Пётр I» і інш. З выпускнікоў яго курса ў ін-це тэатр. мастацтва створаны Брэсцкі абл.рус.драм.т-р (1940—41; падрыхтаваў з імі ў час вучобы спектаклі «Мяшчане» М.Горкага, «Любоў Яравая» К.Транёва і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯВО́РСКІ Станіслаў Іванавіч (16.4.1915, г. Брэст — 5.2.1988),
бел.акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю БДТ-1 (1938), працаваў у гэтым т-ры. З 1939 у Заслаўскім калгасна-саўгасным, у 1939—41 і з 1945 у Пінскім, у 1954—85 у Магілёўскім абл.драм. т-рах. Акцёр характарнага плана. Яго мастацтву ўласцівы сцэн. выразнасць, дакладны малюнак ролі, мяккі гумар, шчырасць і прастата. Сярод роляў: у Заслаўскім т-ры — Маргун, Шмігельскі («Партызаны» К.Крапівы); у Пінскім т-ры — Левановіч і Нічыпар, Здаравеня («Хто смяецца апошнім». «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Суддзя («Несцерка» В.Вольскага), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.Кучара), патэр Сарыні («Іспанцы» М.Лермантава), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Лешч («Апошнія» М.Горкага), Аркадзь («Платон Крэчат» А.Карнейчука); у Магілёўскім т-ры — Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» Макаёнка), Мякішаў («Пад адным небам» А.Маўзона), Мікалай II, Мікіта Сямёнавіч («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча), Дульскі («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай), клоун Бом («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НШЫН Міхаіл Міхайлавіч (2.11.1902, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 16.12.1976),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1955). З 1922 вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага Маст.акад.т-ра, з 1924 акцёр гэтага т-ра. Адначасова ў 1937—41 маст. кіраўнік цыганскага т-ра «Рамэн», у 1950—63 гал. рэжысёр Маскоўскага драм.т-ра імя К.Станіслаўскага. Яго акцёрскаму мастацтву характэрны спалучэнне камічнага з трагічным, драматызму з лірычнасцю, тонкі гумар. Сярод роляў: Ларывосік («Дні Турбіных» М.Булгакава), Градабоеў, Маргарытаў, Мамаеў («Гарачае сэрца», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.Тургенева), Ферапонт і Чабутыкін, Цялегін, Сімяонаў-Пішчык, Сорын («Тры сястры», «Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава), сэр Пітэр Тызл («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), Францішак Абель («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка) і інш. Паставіў спектаклі: «Беспасажніца» Астроўскага (1953), «Дні Турбіных», «Чайка» (абодва 1954) і інш. З 1928 здымаўся ў кіно: «Паручнік Кіжэ», «Рэвізор», «Шведская запалка», «Дванаццатая ноч» і інш. Аўтар радыёмемуараў. Дзярж. прэмія Расіі 1970. Дзярж. прэмія СССР 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКУШНЯ́К Аляксандр Якаўлевіч (10.3.1879, г. Адэса, Украіна — 21.4.1930),
артыст эстрады, заснавальнік жанру «вечары апавяданняў». Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1906 як драм.акцёр. З 1910 выступаў з канцэртамі, як аўтар, рэжысёр і выканаўца твораў л-ры з эстрады: «Паўстанне анёлаў» А.Франса, «Егіпецкія ночы» А.Пушкіна, «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Кацюша Маслава» паводле Л.Талстога, «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф.Дастаеўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЕРАЎ Мікалай Мікалаевіч (11.12.1922, Масква — 2.6.1997),
расійскі спартсмен (тэніс); спарт. каментатар. Брат Ю.М.Озерава. Засл. майстар спорту СССР (1947). Нар.арт. РСФСР (1973). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1945, Масква). З 1945 акцёр Малога маст.акад. тэатра (Масква). З 1950 спарт. каментатар на радыё і тэлебачанні. 45-разовы чэмпіён СССР (1939—58) па тэнісе ў розных разрадах, абс. чэмпіён СССР (1944, 1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́ПА (Skupa) Іосеф (16.1.1892, г. Страканіцы, Чэхія — 8.1.1957),
чэхаславацкі тэатр. дзеяч, акцёр, рэжысёр, мастак тэатра лялек. Нар.арт. Чэхаславакіі (1948). З 1916 мастак, лялькавод у Пльзенскім марыянетачным тэатры. У 1930 арганізаваў у Пльзене «Тэатр Спейбла і Гурвінека», гал. героі якога зроблены паводле эскізаў С. З 1945 выступаў у Празе. У 1933—57 прэзідэнт Міжнар. саюза лялечнікаў. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр.Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],
французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».