ЯВО́РСКІ Станіслаў Іванавіч (16.4.1915, г. Брэст — 5.2.1988),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю БДТ-1 (1938), працаваў у гэтым т-ры. З 1939 у Заслаўскім калгасна-саўгасным, у 1939—41 і з 1945 у Пінскім, у 1954—85 у Магілёўскім абл. драм. т-рах. Акцёр характарнага плана. Яго мастацтву ўласцівы сцэн. выразнасць, дакладны малюнак ролі, мяккі гумар, шчырасць і прастата. Сярод роляў: у Заслаўскім т-ры — Маргун, Шмігельскі («Партызаны» К.​Крапівы); у Пінскім т-ры — Левановіч і Нічыпар, Здаравеня («Хто смяецца апошнім». «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Быкоўскі («Паўлінка» Я.​Купалы), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Суддзя («Несцерка» В.​Вольскага), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.​Кучара), патэр Сарыні («Іспанцы» М.​Лермантава), Карандышаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Лешч («Апошнія» М.​Горкага), Аркадзь («Платон Крэчат» А.​Карнейчука); у Магілёўскім т-ры — Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» Макаёнка), Мякішаў («Пад адным небам» А.​Маўзона), Мікалай II, Мікіта Сямёнавіч («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча), Дульскі («Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай), клоун Бом («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.​Баравіка) і інш.

А.​П.​Раеўскі.

т. 18, кн. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)