ПЯЎЦО́Ў (Іларыён Мікалаевіч) (7.12.1879, б. мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм. т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст. акад. т-ра, Маскоўскім маст. акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.​Андрэева), Павел I («Павел I» Дз.​Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.​Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.​Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.​Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)