ДУДА́Р Алесь (сапр.Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),
бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.Александровічам і А.Вольным; зб.апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб.арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, «Дванаццаць» А.Блока, урыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, «Германіі» Г.Гейнэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, М.Рыльскага, У.Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.Стандэ, аповесць Ф.Гладкова «Новая зямля», раман У.Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1959;
Вежа. Мн., 1984.
Літ.:
Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕТ (сапр.Шаншын) Апанас Апанасавіч
(5.12.1820, с. Навасёлкі Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 3.12.1892),
рускі паэт, празаік, перакладчык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). З 1845 на вайск. службе, з 1858 у адстаўцы. Першы зб. вершаў «Лірычны пантэон» (1840). Творчасць Ф. — новы этап у рус.рамант. паэзіі. Яго вершы адметныя пранізлівым лірызмам у апісанні дакладных карцін прыроды, мімалётных настрояў і імкненняў душы. Яны вылучаюцца музычнасцю, меладычнасцю, разнастайнасцю рытмаў і гукаў: зб-кі «Вершы» (1850, 1856, ч. 1—2, 1863). З канца 1860-х г. у паэзіі матывы трагізму, дысгармоніі і тугі: зб-кі «Вячэрнія агні» (вып. 1—4, 1883—91). Аўтар рэаліст. аповесці «Сям’я Гольц» (1870), цыклаў нарысаў, апавяданняў, навел «З вёскі» і «Запіскі вольнанаёмнай працы», кн. «Мае ўспаміны» (ч. 1—2, 1890), «Раннія гады майго жыцця» (апубл. 1893). Пераклаў асобныя творы ант. і ўсх. аўтараў, а таксама І.В.Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 1882—88), Г.Гейнэ, Дж.Байрана, П.Беранжэ, А.Міцкевіча, трагедыі У.Шэкспіра, кн. А.Шапенгаўэра «Свет як воля і ўяўленне» (1881). Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку А.Арэнскім, М.Балакіравым, А.Гурылёвым, С.Рахманінавым, М.Рымскім-Корсакавым, П.Чайкоўскім. На бел. мову паасобныя вершы Ф. пераклалі У.Данілаў, П.Макарэвіч.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. 2 изд. Л., 1959;
Соч.Т. 1—2. М., 1982;
Стихотворения. Проза. Воронеж, 1978;
Воспоминания. Т. 1—3. М., 1992;
Лирика. Мн., 2000.
Літ.:
Озеров Л. А.А.Фет: О мастерстве поэта. М., 1970;
Бухштаб Б.Я. А.А.Фет: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1990;
Благой Д. Мир как красота: О «Вечерних огнях» А.Фета. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́ЦКІ Напалеон Казіміравіч (13.7.1866, в. Нача Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 14.2.1937),
бел. публіцыст, перакладчык. Скончыў Слуцкую гімназію (1887), Маскоўскі ун-т (1894). У Слуцкай гімназіі ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі, у Маскве — у тайныя студэнцкія гурткі сацыяліст. накіраванасці. За ўдзел у хваляваннях 1890 выключаны з ун-та і сасланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі. Працаваў урачом. У 1904—05 мабілізаваны на Маньчжурскі фронт. У 1908—12 у эміграцыі ў Канадзе. З 1918 у Варшаве, пасля ў Вільні. У 1922 уступіў у Польскую сацыяліст. партыю. З 1928 працаваў лекарам на Валыні, з 1931 у г. Ліда Гродзенскай вобл. З 1936 жыў у в.Вял. Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Першая літ. праца — удзел у перакладзе і выданні на гектографе 1-га варыянта рэв. брашуры «Дзядзька Антон» (1885, не выяўлена); браў удзел у выданні 2-га варыянта (1892; з М.Абрамовічам). Пераклаў на польскую мову апавяданне У.Караленкі «У дрэннай кампаніі» (каля 1887, не выяўлена, захаваліся 2 лісты Ч. да пісьменніка), на бел. мову п’есы «Сватанне» А.Чэхава і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага (1910). У арт. «Да пытання пра беларускую народную школу» (1908) выступіў у абарону бел. мовы, з прыязнасцю пісаў пра творчасць Я.Коласа, паказаў добрае веданне бел. фальклору. Аўтар брашуры «Як будзе з зямлёю?» (1907), успамінаў пра рэв. рух, Абрамовіча, публіцыстычных арт. у «Нашай ніве» і «Вольнай Беларусі».
Тв.:
Батлейкі з ваколіц Начы // Народны тэатр.Мн., 1983.
Літ.:
Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2;
Каханоўскі Г. Таямніцы за чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЎСКІ Карней Іванавіч (сапр.Карнейчукоў Мікалай Васілевіч; 31.3.1882, С.-Пецярбург — 28.10.1969),
рускі пісьменнік, крытык, дзіцячы паэт, літ.-знавец, перакладчык. Д-рфілал.н. (1957). Аўтар казак у вершах «Кракадзіл» (1916), «Мыйдадзір» (1923, паст. 1938, Дзярж.т-р лялек Беларусі), «Тараканішча» (1923), «Муха-цакатуха» (1924), «Бармалей» (1925), «Тэлефон», «Хвядорына гора» (абедзве 1926), «Айбаліт» (1929), «Лімпапо» (1935). Асн. асаблівасці яго паэт. свету — багацце і зменлівасць зрокавых вобразаў, мілагучнасць паэт. мовы, рухомасць рытму, дакладнасць і лаканічнасць паэт. выказвання, гульнёвы характар вершаваных твораў. Аўтар даследавання «Майстэрства Някрасава» (1952, Ленінская прэмія 1962), літ.-крыт. эсэ пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры (кн. «Сучаснікі», 1962). Адзін з заснавальнікаў сав. школы тэорыі маст. перакладу («Прынцыпы мастацкага перакладу», 1919; «Высокае майстэрства», 1941), яму належаць лепшыя ў сусв. л-ры пераклады У.Уітмена (1907, «Мой Уітмен», 2-е выд. 1969).
Неаднаразова бываў на Беларусі, высока цаніў М.Багдановіча, асабліва вылучаў Я.Купалу і Я.Коласа, з якімі быў асабіста знаёмы. Традыцыі Ч. знайшлі працяг у лінгва-псіхал. даследаваннях дзяцей у В.Віткі (кнігі «Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982). Некат. апавяданні Я.Маўра створаны на ўзор «Блытаніны» Ч. Бел. перакладчыкі Ю.Гаўрук, У.Дубоўка. А.Зарыцкі, А.Куляшоў, Я.Сінакоў і інш. перанялі ад Ч. метад творчага ўзнаўлення арыгінала сродкамі роднай мовы. На бел. мову творы Ч. перакладаюцца з 1930-х г. Сярод перакладчыкаў яго дзіцячых кніг А.Якімовіч, Зарыцкі, К.Кірэенка, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНУШКЕ́ВІЧ Язэп Язэпавіч (н. 7.3.1959, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, даследчык-архівіст, археограф, перакладчык. Брат В.Я.Янушкевіча і Ф.Я.Янушкевіча. Канд.філал.н. (1987). Скончыў БДУ (1981). З 1985 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі, адначасова з 1996 заг.аддз. ў Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і з 1997 нам. рэдактара выд-ва «Беларускі кнігазбор». З 1999 нам. старшыні Археаграфічнай камісіі К-та па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры 19—20 ст., бел.польскія гіст.-літ. сувязі і культ. ўзаемадзеянні 19 — пач. 20 ст. Аўтар манаграфій «Беларускі Дудар: Праблема славянскіх традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча» (1991), «У прадчуванні знаходак» (1994), «Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі» (1995), «За архіўным парогам: Беларуская літаратура XIX—XX стст. у святле архіўных пошукаў» (2002). Складальнік, аўтар прадмоў і каментарыяў да зб-каў твораў У.Жылкі (1998), К.Чорнага (2000), Ф.Багушэвіча (3-е выд.), В.Дуніна-Марцінкевіча, В.Ластоўскага (абодва 2-е выд.; усе 2001), «Кароткай энцыклапедыі старасьвеччыны» Ластоўскага (2003) і інш. Адзін з аўтараў «Анталогіі педагагічнай думкі Беларускай ССР» (1986), «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст. 1901—1920» (т. 1, 1999) і інш. Упершыню апублікаваў арыгінал «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча (1984), «Лісты з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскага, дакументы з біяграфіі П.Багрыма (1988), дзённікі У.Караткевіча (1989), мемуары П.Мядзёлкі (1993) і архірэя М.Галубовіча (2003), «Тастамент» А.Кіркора (1998) і інш.
Тв.:
Нацыянальная праграма выдання гістарычных крыніц: Аднаўленне Бел.Археагр. Камісіі (БАК). Мн., 1999;
Дыярыюш з XIX ст.: Дзённікі Міхала Галубовіча як гіст. крыніца. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРУСЁЎ Сцяпан Захаравіч (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.3.1988),
бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскае педвучылішча (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1987). Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Гаўрусёва ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, — памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм — услаўленне ратнага і прац. подзвігу народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сац. пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамант. героя паэзіі Гаўрусёва, «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, — няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Гаўрусёва — прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне страснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (1975, з А.Пысіным), паасобныя творы Я.Райніса, С.Капуцікян, Э.Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1993—94;
Званы нябёс. Мн., 1988.
Літ.:
Бечык В. Водсветы // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С 102—106;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 116—117, 167—169;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМЕ́ВІЧ Янка (Іван Уладзіміравіч; н. 29.10.1938, в. Малая Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Канд.філал.н. (1971). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у выд-вах. З 1968 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя». Адначасова ў 1987—97 выкладаў у БДУ. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры, фальклор. Увёў у навук. ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, М.Арла, З.Верас, Т.Гардзялкоўскай, А.Зязюлі, К.Лейкі, Г.Леўчыка, Ф.Шантыра, У.Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў Біруты, П.Дземідовіча, Р.Зянькевіча, Ч.Пяткевіча, М.Федароўскага і інш. Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліягр. даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)» (1964), кн. «М.Гарэцкі; Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з А.Лісам), зб-кі Г.Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н.Ляшковіч), М.Арла «Лірнік» (1991), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на рус. мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбр. творы Я.Чачота «Свіцязь» (1999), зб-кі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літ.-маст. каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001). На бел. мову пераклаў манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л.Барага, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі», кн. Федароўскага «Люд беларускі: Вяселле», аповесць «Адысей з Беларусі» В.Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» Л.Патоцкага, раманы «Зверабой» Дж.Ф.Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-Алейхема (з Г.Шупенькам) і інш. У 1979—88 адзін з вядучых тэлечасопіса «Роднае слова». Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. № 1;
Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12.
Літ.:
Трыгубовіч В. Легла песня на душу // Так мы жывём. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАШКЕ́ВІЧ Браніслаў Адамавіч (20.1.1892, б. засценак Мацюлішкі, Літва — 29.11.1938),
бел. грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Петраградскі ун-т (1916), у якім быў пакінуты для атрымання прафесарскага звання на кафедры рус. мовы і славеснасці (1916—18). У 1918 заг.культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята, яго Петраградскага аддзялення. З 1917 адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1918 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 выдаў «Беларускую граматыку для школ» (5-е факс. выд. 1991). У 1919 выкладаў бел. і грэч. мовы ў Мінскім бел.пед. ін-це. У 1920 старшы рэферэнт дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы, у 1921—22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. З трыбуны сейма абараняў сац. і нац. правы працоўных Зах. Беларусі. Выступаў у зах.-бел. друку з публіцыст. артыкуламі, прысвечанымі актуальным пытанням нац.-вызв. руху. У 1925 стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня яе ЦК, чл.КПЗБ. Двойчы (1927, 1931) арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны адпаведна на 12 і 8 гадоў. У турме пераклаў на бел. мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча. У 1930 спец. распараджэннем прэзідэнта Польшчы вызвалены. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1933 жыў у СССР. Працаваў у Міжнар.агр. ін-це ў Маскве. 6.5.1937 арыштаваны АДПУСССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 5.1.1938 асуджаны камісіяй НКУССССР і пракурорам СССР («двойкай») да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 26.1.1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУВІ́М (Tuwim) Юльян (13.9.1894, г. Лодзь, Польшча — 27.12.1953),
польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1916—18). У 1939—46 у эміграцыі, з 1942 актыўна ўдзельнічаў у антыфаш. дзейнасці. Друкаваўся з 1913. У зб-ках «Падпільноўваю Бога» (1918), «Сакрат танцуе» (1920), «Сёмая восень» (1922) і інш. наватарскі падыход да паэт. мовы, віталізм, культ радасці і кахання. У зб. «Чацвёрты том вершаў» (1923) элегічныя матывы, насычанасць сімволікай. Сац.-філас. рэфлексія, тэма паэта і паэзіі, сувязь з класічнай традыцыяй вызначальныя ў зб-ках «Словы ў крыві» (1926), «Чарналессе» (1929), «Палымяная сутнасць» (1936). Паэт. канцэпцыя слова ў «паэме-фантазіі» «Зеляніна» (1936). У цэнтры паэмы «Баль у оперы» (1936, апубл. 1946) асэнсаванне гісторыка-паліт. сітуацыі ў міжваен. Польшчы. Ліра-эпічная паэма «Кветкі Польшчы» (апубл. 1949, незавершана) адметная тэматычным багаццем, версіфікатарскай тэхнікай. Аўтар арыгінальных кніг па гісторыі нораваў і звычаяў, культуры, мовы і л-ры Польшчы, у т. л. «Чатыры стагоддзі польскай фрашкі» (1937), «Кніга польскіх вершаў XIX ст.» (т. 1—3, 1954), твораў для дзяцей. Пераклаў на польскую мову «Слова аб паходзе Ігаравым» (1928, новы варыянт 1950), некат. творы рус. і інш. пісьменнікаў. На бел. мову паасобныя творы Т. пераклалі Э.Агняцвет, А.Вялюгін, С.Дзяргай, М.Лужанін, П.Макаль, У.Мархель, Р.Няхай, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк, С.Шушкевіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРУ́К Юрка (Юрый Паўлавіч; 6.5.1905, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.2.1979),
бел.перакладчык і паэт. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя Брусава (1925). З 1925 працаваў у БСГА у Горках, з 1931 у Магілёўскім пед. ін-це. Рэпрэсіраваны 8.2.1935, высланы з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на Поўначы і ва Усх. Сібіры. Рэабілітаваны ў 1956. У 1957—67 заг.літ. часткі Бел.т-ра імя Я.Купалы. Дэбютаваў перакладамі вершаў Г.Гейнэ і камедыі У.Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, для Бел.тэатр. студыі ў Маскве). У тэатры імя Я.Коласа пастаўлены ў яго перакладах п’есы «Улада цемры» Л.Талстога, «Багна» А.Астроўскага, «Уніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Гамлет» Шэкспіра; у т-ры імя Я.Купалы — «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго, «Канец — справе вянец» Шэкспіра, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава, «Мяцеліца» і «Залатая карэта» Л.Лявонава, «Мешчанін у дваранах» Мальера. На бел. мову пераклаў трагедыі Шэкспіра «Атэла», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра», раманы А.Стыля «Любіць будзем заўтра» (1960), Э.Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976), К.С.Прычард «Дачка Урагану» (1977), творы А.Маруа (кн. «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы», 1974), Ф.Шылера (зб. «Балады», 1981), асобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, А.Міцкевіча, Гейнэ, Дж.Байрана, Г.Лангфела, Ф.Петраркі, Л.Украінкі, У.Сасюры, П.Варанько і інш. Пераклады Гаўрука вызначаюцца блізкасцю да арыгінала, высокай моўнай культураю. На рус. мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.Чорнага і «Серадзібор» (1966) П.Пестрака. Выступаў як паэт (зб-кі «Іскры з крэменя», 1969; «Узвіхраны ветразь», 1990). Аўтар краязнаўчых апавяданняў (зб. «Вясковыя рыскі», 1926), першай на Беларусі кн. паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928), артыкулаў па пытаннях маст. перакладу (зб. «Ступень адказнасці», 1986).