ЯНУШКЕ́ВІЧ Язэп Язэпавіч (н. 7.3.1959, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, даследчык-архівіст, археограф, перакладчык. Брат В.Я.Янушкевіча і Ф.Я.Янушкевіча. Канд. філал. н. (1987). Скончыў БДУ (1981). З 1985 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі, адначасова з 1996 заг. аддз. ў Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і з 1997 нам. рэдактара выд-ва «Беларускі кнігазбор». З 1999 нам. старшыні Археаграфічнай камісіі К-та па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры 19—20 ст., бел.польскія гіст.-літ. сувязі і культ. ўзаемадзеянні 19 — пач. 20 ст. Аўтар манаграфій «Беларускі Дудар: Праблема славянскіх традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча» (1991), «У прадчуванні знаходак» (1994), «Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі» (1995), «За архіўным парогам: Беларуская літаратура XIX—XX стст. у святле архіўных пошукаў» (2002). Складальнік, аўтар прадмоў і каментарыяў да зб-каў твораў У.Жылкі (1998), К.Чорнага (2000), Ф.Багушэвіча (3-е выд.), В.Дуніна-Марцінкевіча, В.Ластоўскага (абодва 2-е выд.; усе 2001), «Кароткай энцыклапедыі старасьвеччыны» Ластоўскага (2003) і інш. Адзін з аўтараў «Анталогіі педагагічнай думкі Беларускай ССР» (1986), «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст. 1901—1920» (т. 1, 1999) і інш. Упершыню апублікаваў арыгінал «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча (1984), «Лісты з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскага, дакументы з біяграфіі П.Багрыма (1988), дзённікі У.Караткевіча (1989), мемуары П.Мядзёлкі (1993) і архірэя М.Галубовіча (2003), «Тастамент» А.Кіркора (1998) і інш.
Тв.:
Нацыянальная праграма выдання гістарычных крыніц: Аднаўленне Бел. Археагр. Камісіі (БАК). Мн., 1999;
Дыярыюш з XIX ст.: Дзённікі Міхала Галубовіча як гіст. крыніца. Мн., 2003.
І.У.Саламевіч.
т. 18, кн. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)