САЛАМЕ́ВІЧ (Янка) (Іван Уладзіміравіч; н. 29.10.1938, в. Малая Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Канд.філал.н. (1971). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у выд-вах. З 1968 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя». Адначасова ў 1987—97 выкладаў у БДУ. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры, фальклор. Увёў у навук. ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, М.Арла, З.Верас, Т.Гардзялкоўскай, А.Зязюлі, К.Лейкі, Г.Леўчыка, Ф.Шантыра, У.Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў Біруты, П.Дземідовіча, Р.Зянькевіча, Ч.Пяткевіча, М.Федароўскага і інш. Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліягр. даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)» (1964), кн. «М.Гарэцкі; Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з А.Лісам), зб-кі Г.Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н.Ляшковіч), М.Арла «Лірнік» (1991), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на рус. мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбр. творы Я.Чачота «Свіцязь» (1999), зб-кі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літ.-маст. каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001). На бел. мову пераклаў манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л.Барага, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі», кн. Федароўскага «Люд беларускі: Вяселле», аповесць «Адысей з Беларусі» В.Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» Л.Патоцкага, раманы «Зверабой» Дж.Ф.Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-Алейхема (з Г.Шупенькам) і інш. У 1979—88 адзін з вядучых тэлечасопіса «Роднае слова». Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. № 1;
Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12.
Літ.:
Трыгубовіч В. Легла песня на душу // Так мы жывём. Мн., 1984.