АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),
дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.
Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз.брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл.Алмазная прамысловасць).
Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).Да арт.Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́ЙКА (Ігнат Іпалітавіч) (31.7.1802, маёнтак Мядзведка, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 23.1.1889),
геолаг, мінералог, даследчык Чылі. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, дзе скончыў Горную школу (1836). З 1838 у Чылі, арганізаваў вывучэнне геалогіі і мінералогіі Андаў, пустыні Атакама і аўтаномнай прав. Араўканіі на Пд Чылі; заснаваў метэаралагічную службу; стварыў этнагр. музей, Горную школу ў г. Какімба (з 1838 праф.); адкрыў медныя і сярэбраныя капальні, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры; увёў метрычную сістэму вагі і мер; напісаў падручнікі па мінералогіі і метэаралогіі. У 1866—83 абраны рэктарам ун-та ў Сант’яга. У 1884 наведаў радзіму (Мядзведка, Мір, Крошын). Чылійскі ўрад абвясціў Д. нац. героем. Яго імем названы: мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак, фіялка, аманіт чылійскі; горад у Араўканіі на Пд, рабочы пасёлак паблізу порта Антафагаста на Пн Чылі, хрыбет у Андах (Кардыльера-Д.); ун-т і нац.б-ка ў Сант’яга. У яго гонар выбіты медаль і пастаўлены помнік у Сант’яга. У б. фальварку Д. (в. Заполле Лідскага р-на) адкрыты музей.
Тв.:
Moje podróze: Pamiętniki wygnańca. T. 1—-3. Wrocław etc., 1962—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР (лац. Borum),
B, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы Мендзялеева. Ат. н. 5, ат. м. 10,81. Прыродны бор складаецца з двух стабільных ізатопаў 10B (19,57%) і 11B (80,43%), існуе як мінералбуракс, керніт, ашарыт і інш.; у зямной кары ёсць 5∙10−3%, у вадзе акіянаў 4,6 мг/л. Атрыманы ў 1808 Л.Ж.Гей-Люсакам і Л.Ж.Тэнарам.
Вядома больш за 10 алатропных мадыфікацый бора. Бывае бясколерным, шэрым ці чырвоным крышталічным або цёмным аморфным рэчывам і мае розныя фіз.-хім. характарыстыкі. Па цвёрдасці (па Маосу 9,3, па Вікерсу 274,4 ГПа) займае другое (пасля алмазу) месца сярод рэчываў. Вельмі крохкі; у пластычны стан пераходзіць пры т-ры вышэй за 2000 °C. Хімічна дастаткова інертны, не рэагуе з вадародам (боравадароды атрымліваюцца ўскосным шляхам); з іншымі рэчывамі рэагуе толькі пры высокіх т-рах: акісляецца на паветры пры 700 °C, з азотам пры 1200—2000 °C утварае нітрыд бору, з вугляродам пры 1300 °C і вышэй — карбіды, з большасцю металаў — барыды, пры сплаўленні са шчолачамі — бараты; царская гарэлка і азотная кіслата акісляюць бор да борнай кіслаты (гл. таксама Бору злучэнні). Атрымліваюць з буры і керніту, аднаўленнем аксіду ці галагенідаў бору, раскладаннем галагенідаў і гідрыдаў. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійнаўстойлівых гарачатрывалых сплаваў, кампазіцыйных матэрыялаў, сплаваў для рэгулявальных прыстасаванняў адз. рэактараў і лічыльнікаў нейтронаў, як паўправадніковы матэрыял і для барыравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),
Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 69Ga (61,2%) і 71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).
Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).
Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БРУЧАЎ (Уладзімір Апанасавіч) (10.10.1863, с. Кляпеніна Цвярской вобл., Расія — 19.6.1956),
расійскі геолаг і географ. Акад.АНСССР (1929, чл.-кар. 1921). Герой Сац. Працы (1945). Чл. многіх замежных акадэмій і навук. т-ваў. Бацька С.У.Обручава. Скончыў Горны ін-т у С.-Пецярбургу (1886). Праф. Томскага тэхнал. ін-та (1901—12) і Маскоўскай горнай акадэміі (1921—29). З 1930 старшыня Камісіі па вывучэнні шматгадовай мерзлаты, з 1939 дырэктар Ін-та мерзлатазнаўства АНСССР. У 1942—46 акад.-сакратар Аддзялення геолага-геагр. навук АНСССР. З 1947 ганаровы прэзідэнт Геагр.т-ваСССР. Навук. працы па геалогіі рудных радовішчаў, чацвярцічных адкладаў, неатэктоніцы, геамарфалогіі, геаграфіі, зледзяненнях, вечнай мерзлаце і інш. Вёў шырокія геал. даследаванні ў Сібіры, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. Аўтар навук.-фантаст. і прыгодніцкіх раманаў «Плутонія» (1924), «Зямля Саннікава» (1926), «Золаташукальнікі ў пустыні» (1928) і інш. Прэмія імя М.М.Пржавальскага (1894), Вял. залаты медаль Рус.геагр.т-ва (1901), 2 прэміі імя П.А.Чыхачова Парыжскай АН (1898, 1925), залаты медаль імя А.П.Карпінскага АНСССР (1947), прэмія імя У.І.Леніна 1926. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1950. Імем О. названы хрыбет у Тыве, горныя вяршыні ў вярхоўях р. Віцім, аазіс у Антарктыдзе, ледавік у Мангольскім Алтаі, мінерал абручавіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЗЯЛЕ́ЕЎ (Дзмітрый Іванавіч) (8.2.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 2.2.1907),
расійскі вучоны. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Гал.пед.ін-т у Пецярбургу (1855). У 1857—90 у Пецярб. ун-це (з 1865 праф.), адначасова ў 1863—72 у Пецярб.тэхнал. ін-це. Арганізатар і першы дырэктар (1893) Гал. палаты мер і вагі (зараз НДІ метралогіі імя М.). Навук. працы па агульнай хіміі, хім. тэхналогіі, аграхіміі, фізіцы, паветраплаванні, метралогіі, метэаралогіі, геалогіі, эканоміцы, нар. асвеце і інш. Адкрыў адзін з асн. законаў прыродазнаўства — перыяд. закон хім. элементаў (1869; перыяд. закон М.; гл.Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), існаванне крытычнай т-ры (1860). Вывеў агульнае ўраўн. стану ідэальнага газу (1874; гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Вынайшаў новы тып бяздымнага пораху, прапанаваў прамысл. спосаб фракцыйнага раздзялення нафты. Аўтар першага на рус. мове падручніка «Арганічная хімія» (1861) і класічнай працы «Асновы хіміі» (ч. 1—2, 1869—71), у якой курс неарган. хіміі выкладзены на аснове перыяд. закону. Адзін з заснавальнікаў Рус.фіз.-хім.т-ва (1868; зараз Хім.т-ва імя М.). У гонар М. названы мінерал мендзелеявіт, хім. элемент мендзялевій, кратэр на Месяцы, вулкан на в-ве Кунашыр, падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.
Тв.:
Соч.Т. 1—25. М., 1937—54.
Літ.:
Фигуровский Н.А. Д.И.Менделеев, 1834—1907. 2 изд. М., 1983;
Кедров Б.М. Прогнозы Д.И.Менделеева в атомистике. Кн. 1—3. М., 1977—79;
Макареня А.А. Д.И.Менделеев и физико-химические науки. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУЦЬ (лац. Hydrargyrum),
меркур, Hg, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 80, ат. м. 200,59. Прыродная Р. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 196, 198—202, 204. У зямной кары 7∙10−6% па масе; трапляецца самародная Р., найважн. рудны мінерал — кінавар. Вядомая са стараж. часоў; лац. назва ад гідра... і грэч. argyros — серабро; сярэдневяковая лац. mercurius — назва Р. ў алхімікаў.
Серабрыстая вадкасць (адзіны валкі метал tпл -38,87 °C), шчыльн. 13545,7 кг/м³ (цяжэйшая за ўсе вядомыя вадкасці), tкіп 356,58 °C. Пара Р. бясколерная, пры высокай т-ры і эл. разрадзе выпрамяняе бачнае блакітнавата-зялёнае і ультрафіялетавае святло. Хімічна ўстойлівая. У сухім паветры не акісляецца; акісляецца азонам і пры t > 300 °C кіслародам (утвараецца аксід HgO). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з азотам. фосфарам, вугляродам, крэмніем. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, царскай гарэлцы. Лёгка ўзаемадзейнічае з галагенамі (гл.Ртуці хларыды) і халькагенамі (гл.Ртуці сульфід). З металамі ўтварае амальгамы. Пашыраны ртуцьарганічныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна акісляльным абпалам кінавары. Выкарыстоўваюць для вырабу катодаў пры электрахім. атрыманні едкіх шчолачаў і хлору, а таксама для палярографаў, у вытв-сці ртутных вентыляў, люмінесцэнтных і ртутных лямпаў (гл.Газаразрадныя крыніцы святла), дыфузійных вакуумных помпаў, кантрольна-вымяральных прылад (тэрмометраў, барометраў, манометраў) і інш. Р. высокатаксічная для ўсяго жывога, пара і злучэнні Р. вельмі атрутныя, назапашваюцца ў арганізме і парушаюць абмен рэчываў, пашкоджваюць нервовую сістэму. ГДК у атм. паветры 0,0003 мг/м³, у вадзе 0,0005 мг/л.
Літ.:
Трахтенберг И.М., Коршун М.Н. Ртуть и ее соединения в окружающей среде. Киев, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПС (ад грэч. gypsos мел, вапна),
1) мінерал класа сульфатаў, CaSO4∙2H2O. У чыстым выглядзе мае 32,6% аксіду кальцыю CaO, 46,5% сернага ангідрыду SO3 і 20,9% вады H2O. Механічныя прымесі пераважна ў выглядзе гліністых і арган. рэчываў, сульфідаў і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей слупкаватыя або прызматычныя, часта ўтвараюць двайнікі («ластаўчын хвост»). Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, парашкападобныя, канкрэцыі, валокны, іголкі, друзы. Афарбоўка ў залежнасці ад прымесей — ад бясколернай і белай да шэрай, жоўтай, чырвонай, ружовай, бурай і чорнай. Бляск шкляны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 2,3 г/см³. У вадзе прыкметна растваральны (20,5 г/л пры 20 °C). Па паходжанні хемагенны, радзей гідратэрмальны. Разнавіднасці: селеніт (валакністы гіпс), гіпсавы шпат (пласцінкавы гіпс) і інш. Выкарыстоўваецца ў цэментнай прам-сці, буд-ве, медыцыне, папяровай вытв-сці.
2) Асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з мінералу гіпсу і прымесей даламіту, ангідрыту, цэлесціну, гідраксідаў жалеза, серы, кальцыту і інш. Паводле ўмоў утварэння адрозніваюць радовішчы гіпсу пярвічныя, што ўтварыліся ў лагунах ці азёрах, і другасныя, што ўзніклі пры выветрыванні (гідратацыі ангідрытаў), радовішчы вышчалочвання («гіпсавы капялюш»), метасаматычныя і інш.Прамысл. значэнне маюць пярвічныя лагунныя радовішчы гіпсу. На Беларусі да такіх належыць Брынёўскае радовішча гіпсу.
Гіпс будаўнічы, алебастр, вяжучы матэрыял паветранага цвярдзення, 2CaSO4∙H2O. Выкарыстоўваюць пераважна для ўнутр. апрацоўчых работ.
Гіпс у скульптуры і архітэктуры, адзін з гал. матэрыялаў скульптуры. Выкарыстоўваецца для стварэння рабочых мадэлей, якія потым павялічваюць да памераў скульптуры, а таксама для вырабу пустых формаў пры адліўцы копій, тоесных арыгіналаў, пераходных мадэлей скульптур для пераводу іх у іншыя матэрыялы, пры рэпрадуктаванні ўзораў сусв. скульптуры для музеяў, інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вядомы з часоў Стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма.
На Беларусі як матэрыял станковай скульптуры пашырыўся ў 19 ст. У гіпсе выкананы барэльеф Т.Зана (Р.Слізень, 1-я пал. 19 ст.), «Алегорыя скульптуры» К.Ельскага (1858), бюст Т.Касцюшкі (Я.Астроўскі, 1860), партрэты М.Багдановіча (А.Грубэ, 1927) і інш.
Літ.:
Одноралов Н.В. Скульптура и скульптурные материалы. 2 изд. М., 1982.
У.Я.Бардон, І.М.Каранеўская (у скульптуры і архітэктуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць жалеза, пераважна ў ступені акіслення +2 і +3. Найб. пашыраны неарган. Ж.з. — жалеза аксіды, гідраксіды, карбіды (гл.Жалезавугляродзістыя сплавы), сульфіды, сульфаты, карбанілы (гл.Карбанілы металаў), цыяністыя комплексныя солі (гексацыянафераты, гл.Калію злучэнні), а таксама жалезаарган. злучэнні (гл.Ферацэн).
Жалеза (II) гідраксід Fe(OH)2 — бледна-зялёнае аморфнае ці крышт. рэчыва. Узаемадзейнічае з к-тамі, акісляецца на паветры да гідраксіду Fe (III). Жалеза (III) гідраксід Fe2O3nH2O — бурае аморфнае рэчыва, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў к-тах. У прыродзе — буры жалязняк. Асаджэннем шчолаччу з раствораў солей Fe (III) атрымліваюць Fe(OH)3 — слабая аснова, амфатэрны (пры сплаўленні са шчолачамі ўтварае ферыты). Выкарыстоўваюць як кампанент жоўтага пігменту для фарбаў і эмалей. Жалеза сульфаты, солі сернай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе. Утвараюць крышталегідраты: гептагідрат FeSO4∙7H2O — жалезны купарвас (мінерал мелантэрыт), блакітнавата-зялёныя крышталі, tпл 64 °C. З сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтвараюць двайныя сульфаты: FeSO4∙(NH4)2SO4∙6H2O (соль Мора) — сіне-зялёныя крышталі, устойлівыя на паветры; NH4Fe(SO4)212H2O (жалеза-амоніевы галын). Выкарыстоўваюць як кампанент электраліту ў гальванатэхніцы; FeSO4 — кансервант драўніны, фунгіцыд, антыанемічны сродак і інш.; Fe2(SO4)3 — растваральнік у гідраметалургіі медзі, каагулянт пры ачыстцы вады, пратрава пры фарбаванні. Жалеза сульфіды — злучэнні жалеза з серай. Монасульфід жалеза FeS, рудыя ці чорныя крышталі, tпл 1193 °C. Не раствараецца ў вадзе, раскладаецца к-тамі. У прыродзе — мінералы пірацін (гл.Калчаданы) і траіліт. Выкарыстоўваюць для атрымання серавадароду. Дысульфід FeS2, залаціста-жоўтыя крышталі, мінералы пірыт і марказіт. Выкарыстоўваюць прыродны як сыравіну для атрымання серы, сернай к-ты, сульфату Fe2(SO4)3, сінт. — каталізатар у арган. сінтэзе. Жалеза хларыды — злучэнні жалеза з хлорам, солі салянай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе, этаноле, ацэтоне. Дыхларыд жалеза FeCl2 утвараецца пры ўзаемадзеянні жалеза з салянай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання трыхларыду. Трыхларыд FeCl3, цёмна-рудыя крышталі. 309 °C. Выкарыстоўваюць як каагулянт пры ачыстцы вады, кампанент раствораў для электрахіміі, траўлення пячатных плат і інш.