ЭЎКЛА́З (ад грэч. eu добра + klasis ломка, расколванне),

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, гідраксідсілікат берылію і алюмінію, Al2Be2 [SiO4]2(OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі пласціністыя, таблітчастыя, прызматычныя шматгранныя, агрэгаты снопападобныя і паўсферычнай формы.

Афарбоўка бясколерная, белая. блакітная. сіняя, жоўтая, ізумрудна-зялёная і інш. Празрысты. Цв. 7,5. Шчыльн. каля 3,1 г/см³. Трапляецца ў пустотах пегматытаў, кварцавых жылах, грэйзенах; у экзагенных умовах — у алмазаносных і залатаносных пясках. Э. — адзін з гал. кампанентаў берыліевых руд. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень. Радовішчы ў Швецыі, Эквадоры, Індыі, Танзаніі. Нарвегіі, Расіі і інш.

Эўклаз.

т. 18, кн. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)