мінерал класа сульфатаў, сульфат стронцыю, Sr[SO4]. Мае SrO да 56,4%, часта прымесі CaO у суадносінах да SrO 1:1, BaO да 20—26% (у барытацэлесціне).
Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае таблітчастыя і прызматычныя крышталі, зярністыя, шаставатыя і шкарлупістыя агрэгаты. Колер блакітны, белы, шэры, зрэдку бясколерны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 4 г/см³. Крохкі. Паходжанне метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, жыльнае эпігенетычнае, асадкавае і інш. Трапляецца ў выглядзе ўкрапанікаў, жэод, гнёздаў, канкрэцый, буйных монамінеральных лінза- і жылападобных цел. Выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі пры вырабе марозаўстойлівай сталі, у вытв-сці феерверкаў, трасіруючых куль, пры рафінаванні бураковага цукру.