ГРЫ́ФАЛА (Grifola),

род губавых базідыяльных грыбоў сям. албатрэлавых. Вядомы 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 2 рэдкія віды: грыфала парасонавая, або губа разгалінаваная (G. umbellata), і грыфала кучаравая, або грыб-баран, занесеныя ў Чырв. кнігу. Паразіты. Растуць каля ствалоў дрэў, пнёў пераважна лісцевых парод, зрэдку на драўніне. Выклікаюць стрыжнёвую гніль асновы ствала і каранёвай часткі. Пладаносяць у канцы лета і восенню. Ядомыя, з добрымі смакавымі ўласцівасцямі.

У грыфале парасонавай пладовае цела дыям. да 50 см і масай да 4 кг. Складаецца са шматлікіх пянькоў з агульнай асновай. Шапкі суцэльнакрайнія, іншы раз хвалістыя, з невял. паглыбленнямі ў цэнтры, палевыя, светла-вохрыстыя, шэра-карычневыя, гладкія, зрэдку дробналускаватыя. Тканка белая, мясістая, з узростам валакністая, з характэрным кропавым пахам і прыемным смакам. Гіменафор трубчасты. Споры амаль цыліндрычныя ці верацёнападобныя.

Грыфала парасонавая.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФЫ,

група буйных птушак атр. драпежных. Каля 20 відаў. Падзяляюць на грыфы сапраўдных (14 відаў у бязлесных гарах і перадгор’ях Афрыкі, Паўд. Еўропы і Азіі) і грыфы амерыканскіх, пашыраных ва ўсіх прыродных зонах Паўн. Амерыкі. Найб. вядомыя грыфы сапраўдныя: чорны (Aegypius monachus), сцярвятнік, сіп белагаловы (гл. Сіпы), барадач; сярод грыфаў амерыканскіх: каралеўскі (Sarcoramphus papa), кондар (Vultur gryphus), кондар каліфарнійскі (Gymnogyps californianus; занесены ў Чырв. кнігу МСАП). На Беларусі выпадкова залётны від грыф чорны.

Даўж. каля 1 м, размах крылаў да 3 м. Галава і шыя голыя або ўкрытыя пухам. Крылы шырокія, доўгія, прыстасаваныя да працяглага лунаючага палёту. Лапы масіўныя, пальцы тоўстыя. Нясуць 1 яйцо. Жывяцца пераважна мярцвячынай. Карысныя як прыродныя санітары. Колькасць рэзка скарачаецца (асабліва ў Еўропе).

Грыфы: 1 — чорны; 2 — каралеўскі; 3 — кондар; 4 — кондар каліфарнійскі.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБА́НАВЫЯ (Labridae),

сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 50 родаў, да 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў трапічных і субтрапічных водах. Асобныя віды даходзяць на Пн аж да берагоў Нарвегіі. Жывуць у прыбярэжнай зоне. Найб. вядомыя гамфоз (Gomphosus varius), губан чырваназубы (Callyodon ovifrons), зелянушка (Symphodus tinca), марскі юнкер (Coris angulata) і інш.

Даўж. ад 6 см да 3 м, маса да 100 кг. Афарбоўка, асабліва ў самцоў, яркая: на жаўтаватым або зеленаватым фоне ярка-чырвоныя, блакітныя, фіялетавыя або аранжавыя палоскі і плямкі, якія мяняюцца. Губы звычайна тоўстыя (адсюль назва). Зубы на сківіцах моцныя, іклападобныя. Некат. губанавыя адкладваюць ікру ў гнёзды з водарасцей і ахоўваюць яе. Большасць корміцца бентасам (малюскамі).

Губанавыя: 1 — гамфоз; 2 — губан чырваназубы; 3 — зелянушка; 4 — марскі юнкер; 5 — губан даўгапёры; 6 — губан еўрапейскі.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСА́РЫ (венг. huszár, адз. л.),

від кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 15 — пач. 20 ст. З’явіліся ў Венгрыі ў 1458 пры каралю Мацьяшы I Корвіне як конныя атрады дваранскага апалчэння, якія камплектаваліся паводле прынцыпу вылучэння аднаго ўзбр. конніка ад кожных 20 дваранскіх двароў (адсюль назва). З 16 ст. гусары вядомы ў Польшчы і Беларусі (у складзе войска ВКЛ, існавалі да канца 18 ст.), з 1634 — у Расіі (пераважна лёгкая кавалерыя, асабліва вызначыліся ў вайну 1812, выкарыстоўваліся да 1917), з канца 17 — пач. 18 ст. — у Францыі, Аўстрыі, Прусіі (лёгкая конніца для дзеянняў у тыле і на флангах праціўніка, вядзення разведкі і праследавання).

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 39-43.

Гусар войска Вялікага княства Літоўскага. 17 ст.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАЗА́, лікаподый (Lycopodium),

род споравых раслін сям. дзеразовых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: Дз. булавападобная (L. clavatum) і гадавая (L. annotinum). Растуць у яловых. хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах.

Шматгадовыя вечназялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 2 м. Ад сцёблаў адыходзяць верт. густааблісцелыя парасткі выш. да 30 см, са стробіламі на канцах. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае, размешчана спіралямі. Стробілы адзіночныя або іх па некалькі на канцах галінак, сядзячыя ці на доўгіх ножках. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую фарбу) і дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя. Сухія споры маюць да 50% тлустага алею, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (як дзіцячая прысыпка), у ліцейнай вытв-сці. Да роду Дз. часам далучаюць таксама расліны з родаў баранец, дзярэзка, дыфазіястр.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзераза булавападобная.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІКАБРА́ЗЫ,

млекакормячыя 2 сям. атр. грызуноў. Сям. дзікабразавых (Hystricidae). 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жывуць у пустынных, горных, перадгорных раёнах. Найб. вядомы Дз. індыйскі (Hystrix indica); рэшткі блізкага да яго віду выяўлены ў ніжнеантрапагенных адкладах каля в. Карчова (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Сям. Дз. амерыканскіх (Erethizontidae) — 5 родаў, 12 відаў. Пашыраны ў Паўн., Цэнтр і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. Жывуць пераважна на дрэвах. Вядомы Дз. мексіканскі (Coendou mexicanus).

Даўж. цела да 103 см, хваста да 45 см, маса да 27 кг. Цела ўкрыта тоўстымі вострымі іголкамі (даўж. на загрыўку да 40 см) і цвёрдым шчаціннем. Афарбоўка цела чарнаватая, бураватая, карычневая з жоўтымі або белымі палосамі на іголках і валасах. Корм раслінны. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.

Дзікабразы: 1 — індыйскі; 2 — мексіканскі.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КАЕ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн. ч. Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч. Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс. га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч. стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНІ́ЧНІК (Xanthium),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца 4 віды: Д. валлякападобны, або звычайны (X. strumarium), каліфарнійскі (X. californicum), ігольчасты (X. spinosum) і эльбскі (X. albinum). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, каля дарог, жылля і інш.

Аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным разгалінаваным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, простае, зубчастае або лопасцевае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя. трубчастыя, аднаполыя, сабраны ў кошыкі: тычынкавыя шматкветныя, шарападобныя, размешчаны ў верхняй ч. агульнага суквецця, песцікавыя 1—2-кветныя, адзіночныя ці ў клубочках, з двухрадковай абгорткай, якая каля пладоў укрыта калючкамі або шыпамі. Плод — учэпістая авальная сямянка. Лек. (у лісці і сцёблах шмат ёду), алейныя, меданосныя і фарбавальныя расліны. Некат. віды ядавітыя.

Г.​У.​Вынаеў.

Дурнічнік ігольчасты.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗЯРЫ́ШЧА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 42 км на Пн ад г. Гарадок. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышчанскі. Пл. 15,39 км², даўж. каля 8,9 км, найб. шыр. 3,2 км, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 32,8 км. Пл. вадазбору 264 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м; месцамі да 25 м, пераважна разараныя, часткова пад пашай і сенажаццю. Берагі пясчаныя, паўн. і паўн.-зах. месцамі абразійныя. Дно няроўнае (шмат упадзін і меляў), да глыб. 4—6 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 20 астравоў агульнай пл. 0,67 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці да 120 м. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.

Возера Езярышча.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎЛАШО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (7.2.1546, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 1-я пал. 1619),

бел. грамадскі дзеяч і пісьменнік-мемуарыст. Самаадукацыяй набыў веды ў галіне матэматыкі, справаводства, юрыспрудэнцыі. Ад навагрудскай шляхты быў паслом на Люблінскім (1569) і Варшаўскім (1579) сеймах. Разам з А.​Трызнам удзельнічаў у выпрацоўцы дзярж.-прававога дакумента — «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага», у 1592—1613 падсудак (адвакат) у Навагрудскім земскім судзе. Прытрымліваўся памяркоўна-ліберальных поглядаў. З літ. спадчыны пакінуў дыярыуш — самы ранні помнік мемуарнага жанру ў бел. л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Мемуары пераважна аўтабіягр. характару, дзе адлюстраваны культ., сац. і паліт. жыццё суайчыннікаў (найперш прадстаўнікоў шляхты), іх погляды і грамадскія ўзаемаадносіны.

Тв.:

У кн.: Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983.

Літ.:

Свяжынскі У.М. «Гістарычныя запіскі» Ф.​Еўлашоўскага. Мн., 1990.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)