СЛІ́ЗІ,

рэчывы расліннага, жывёльнага і мікробнага паходжання, якія ўтвараюць вязкія водныя растворы. У раслін С. — гідрафільныя поліцукрыды, назапашваюцца пераважна ў слізевых хадах насення, каранёў, кары. Здольнасць С. да набракання ў вадзе спрыяе прарастанню семя, назапашванне С. ў тканках раслін (напр., кактусы, малачаі) павышае іх засухаўстойлівасць. У жывёл С. — сакрэты слізістых залоз, якія выдзяляюцца на паверхню скурнага покрыва і ва ўнутр. поласці некат. органаў. Па хім. прыродзе — складаныя сумесі глікапратэідаў. Прадухіляюць органы і покрыўныя тканкі ад мех. пашкоджванняў, спрыяюць руху ежы па стрававальным тракце, маюць імуналагічную і бактэрыцыдную актыўнасць. У некат. бактэрый клетачная сценка пакрыта слізістай капсулай, якая ахоўвае патагенныя мікробы ад фагацытаў.

т. 15, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)