СТРАЧО́К (Gyromitra),

род сумчатых грыбоў сям. гельведавых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды С.: асенні (G. infula) і звычайны (G. esculenta), які развіваецца вясной. Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах.

Пладовыя целы (апатэцыі) шапкавыя. Шапка няправільна-акруглая, звіліста-маршчакаватая, з глыбокімі складкамі, каштанава-карычневая, часам з прырослым да ножкі краем, пустая, шыр. да 30 см. Ножка няправільнай формы, пустая, крохкая, белая, часам з фіялетавым адценнем. Пладовыя целы маюць ядавіты таксін гірамітрын, колькасць якога залежыць ад умоў росту. Па ўздзеянні падобны на таксін бледнай паганкі. Споры эліпсоідныя, бясколерныя, з 2 кроплямі алею на канцах. Умоўна ядомы.

Страчок звычайны.

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)