ОТС ((Ots) Георг) (21.3.1920, С.-Пецярбург — 5.9.1975),

эстонскі спявак (лірычны барытон). Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1951, клас Ц.Куузіка), у 1951—52 яе рэктар. З 1945 саліст т-ра оперы і балета «Эстонія». Валодаў моцным голасам прыгожага аксаміцістага тэмбру, вял. дыяпазону, бездакорным густам і артыстызмам. Выступаў у оперы, аперэце, як камерны і эстр. спявак. Сярод партый: у нац. операх — Мэеліс («Лембіту» В.​Капа), Вампа («Агні помсты» Э.​Капа), Пятроў («Бераг бур» Г.​Эрнесакса); інш. партыі — Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Дон Жуан, Папагена, Фігара («Дон Жуан», «Чароўная флейта», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Яга, Рэната, Рыгалета («Атэла», «Баль-маскарад», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Джані Скікі, Марсель («Джані Скікі» і «Багема» Дж.​Пучыні), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці); у аперэтах — Юры («Руму Юры» Л.​Нормета і Э.​Ара), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), містэр Ікс, Тасіла, прынц Раджамі («Прынцэса цырка», «Марыца», «Баядэра» І.​Кальмана), Марка («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Дон Кіхот і Сервантэс («Чалавек з Ламанчы» М.​Лі). Першы выканаўца многіх песень сучасных кампазітараў. Здымаўся ў кіно («Святло ў Коардзі», 1952; «Містэр Ікс», 1958; «Выпадковая сустрэча», 1961; «Кала Бруньён, 1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952, 1968. Дзярж. прэмія Эстоніі 1975. У 1975 заснавана прэмія імя Г.​Отса.

Літ.:

Стрельников Б. Георг Отс Л.;

М., 1962;

Тынсон Х.Л. Георг Отс: Пср. с эст. Таллинн, 1981.

Л.​А.​Сівалобчык.

Г.Отс.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРЭ́НКА (Яўген Яўгенавіч) (н. 8.1.1938, Масква),

расійскі спявак (бас), педагог. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Інж.-буд. ін-т (1961), кансерваторыю (1965) у Ленінградзе. З 1963 саліст ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета, з 1967 — т-ра імя С.​М.​Кірава, з 1971 — Вял. т-ра ў Маскве. У 1967—72 выкладчык Ленінградскай, з 1975 Маскоўскай (з 1981 праф.) кансерваторый. Валодае голасам, адметным сілай, глыбінёй і выразнасцю, багаццем фарбаў, драм. талентам. Яго выкананню ўласцівы глыбокі псіхалагізм, гармонія муз. і сцэн. вобразаў, шчырасць і натуральнасць. Сярод партый: Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Райманд («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі). Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Барыс Гадуноў і Варлаам, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Князь Ігар і Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Руслан, Сусанін («Руслан і Людміла», «Іван Сусанін» М.​Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Рыгор («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага), Звамбай («Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Першы выканаўца многіх песень Г.​Свірыдава, сюіты на вершы Мікеланджэла і «4 вершаў капітана Лябядкіна» Дз.​Шастаковіча. У рэпертуары таксама вак.-сімф. творы І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, Дж.​Вердзі, Ю.​Шапорына і інш. Выступае і ў оперных спектаклях замежных т-раў. Аўтар кн. «Роздумы аб прафесіі» (1985). Прэміі Міжнар. конкурсаў вакалістаў (Сафія, 1967; Масква, 1970). Ленінская прэмія 1982.

Літ.:

Гусев А.И. Е.​Нестеренко. М., 1980.

Л.​А.​Сівалобчык.

Я.Я.Несцярэнка.
Я.Несцярэнка ў ролі Канчака.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)