ЛО́СЕЎ (Канстанцін Іванавіч) (н. 24.3. 1933, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. і расійскі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1957). З 1957 у муз. т-рах Расіі і Украіны. У 1970—93 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, майстэрствам вострай сцэнічнай характарыстыкі. На бел. сцэне стварыў больш за 40 разнапланавых вобразаў: Якім і Сцяпан Крыніцкі, Дзмітрый, Матыль («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Несцерка («Несцерка» Р.​Суруса), Дзяніс Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Эдвін і Феры, Тасіла («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Франк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Крамон і Негаш («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Пікерынг («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Мікіта («Халопка» М.​Стрэльнікава), Янга і Філіп, Цэзар Галь («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Назар Дума («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Сцешка і Ігнат Рыгоравіч («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Карбон і Рагно («Сірано» С.​Пажлакова), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Фельзера) і інш.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)