УРБАНО́ВІЧ Іосіф Паўлавіч (3.4.1907, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.7.1944),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфаш. падполля і партыз. руху ў Брэсцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну. У 1924—29 вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі, потым у партшколе ЦККПЗБ. Чл.КПЗБ з 1928. З 1930 сакратар Баранавіцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1932—34 за рэв. дзейнасць зняволены ў турму. З 1939 старшыня Ружанскага пасялковага Савета. У Вял.Айч. вайну са жн. 1941 у тыле ворага: адзін з арганізатараў раённых антыфаш. арг-цый, сакратар Ружанскага раённага антыфаш. к-та, ініцыятар стварэння, з 1942 сакратар Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі»; у чэрв.—ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады імя П.К.Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРБА́НСКІ Яўген Якаўлевіч (27.2.1932, Масква — 5.11.1965),
расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1962). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст.акад.т-ра (1957). З 1957 акцёр Маскоўскага драм.т-раімя Станіслаўскага. Яго мастацтва вылучалася прастатой у спалучэнні з драматызмам, унутр. псіхалагізмам і пафасам. Сярод роляў: Март Туйскі («Блудны сын» Э.Ранета), Ян («Першы дзень свабоды» Л.Кручкоўскага), Кірыл Крайнеў («Расчыненае акно» Э.Брагінскага), Пётр («Такое каханне» П.Когаўта), Чабан («Матчына поле» паводле Ч.Айтматава), Джанатан Пічэм («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Рудакоў, Вілкін («Палуба» і «Энцыклапедысты» Л.Зорына) і інш. Здымаўся ў кіно: «Камуніст» (1958), «Балада аб салдаце» (1959), «Неадпраўленае пісьмо» (1960), «Чыстае неба» (1961), «Вялікая руда» (1964). Загінуў у час здымак фільма. Яму прысвечаны дакумент. фільм «Яўген Урбанскі» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЁРАЎ Іван Андрэевіч (24.3.1905, в. Двурэчкі Ліпецкай вобл., Расія — 7.10.1941),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Дзяржынскага (1941). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну капітан Ф. камандзір асобнага мінамётнага дывізіёна рэактыўнай артылерыі на чале першай у Чырв. Арміі эксперыментальнай батарэі, якая 14.7.1941 упершыню нанесла ўдары па ворагу з рэактыўных установак БМ-13 («кацюш») на чыг. ст. Орша і па пераправах цераз Дняпро і Аршыцу. Трапіўшы ў акружэнне, дывізіён з баямі прайшоў больш за 200 км па тылах ворага, але ў ноч на 7 кастр. ў час няроўнага бою на Смаленшчыне сав. воіны, расстраляўшы ўвесь боезапас, падарвалі сакрэтную зброю. У г. Орша створаны мемар. комплекс «Кацюша», у в. Пішчалава Аршанскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫ́ДМАН Аляксандр Аляксандравіч (16.6.1888, С.-Пецярбург — 16.9.1925),
расійскі матэматык, фізік і метэаролаг, адзін са стваральнікаў сучаснай дынамічнай метэаралогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1918 праф. Пермскага ун-та, з 1920 — Петраградскага політэхн. ін-та. З 1925 дырэктар Гал.геафіз. абсерваторыі. Навук. працы па матэматыцы, гідрамеханіцы, тэорыі турбулентнасці, геафіз. гідрадынаміцы, фізіцы атмасферы, рэлятывісцкай касмалогіі. Вывеў ураўненне пераносу атм. віхра (ураўненне Ф.), якое з’яўляецца асноўным у тэорыі прагназавання надвор’я. Знайшоў нестацыянарныя рашэнні ўраўненняў гравітацыйнага поля А.Эйнштэйна (1922—24; касмалагічныя мадэлі Ф.); тэарэтычна даказаў магчымасць расшырэння Сусвету, што было пакладзена ў аснову сучаснай касмалогіі. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца. Прэмія імя У.І.Леніна 1931.
Тв.:
Избр. труды. М., 1966.
Літ.:
Тропп Э.А., Френкель В.Я., Чернин А.Д. А.А.Фридман. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДО́СКА Алег Ігаравіч (н. 21.3.1964, Алматы, Казахстан),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987; кл. А.Багатырова). З 1989 артыст Дзярж.акад.хар. капэлы Беларусі імя Р.Шырмы. Найб. дасягненні ў галіне сімф. і хар. музыкі: 4 сімфоніі (1992, 1996, 1998, 2000); кантаты «Песні Белай Русі» (1987), «Псальмы-калядкі» (1999; абедзве на нар. словы); Літургія Іаана Златавуста (1993); «Усяночнае дбанне» (1997); хар. канцэрт «Памяці А.Шнітке» (1998); сімф. паэма «Сымон-музыка» (1986); 2 арк. сюіты з балета «Залаты ключык» (1989); стр. квартэты; камерная музыка для стр. і фп. (1994) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 2002.
Літ.:
Мушынская Т. «Таленавітасць выяўляецца ў чуласці...» // Маладосць. 1999. № 10;
Багатыроў А. «Яго музыка блізкая і зразумелая...» // Роднае слова. 2000. № 5;
Сяўрук А. Беларускае царкоўнаспеўнае мастацтва і творы Алега Хадоскі // Там жа. 2002. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭЗМІ́ (аль-Харэзмі) Мухамед бен Муса
(787, г. Хіва — каля 850),
сярэднеазіяцкі вучоны. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, гісторыі. Аўтар асноватворных трактатаў па арыфметыцы і алгебры («Кніга аб узнаўленні і проціпастаўленні» — «Кітаб аль-джэбр ва-л-мукабала»), пераклад якіх на лац. мову ў 12 ст. паўплываў на развіццё матэматыкі ў Зах. Еўропе. Упершыню разгледзеў алгебру як самаст. дысцыпліну, прапанаваў правілы дзеянняў з алг. велічынямі і правілы рашэння ўраўненняў. Ад уведзенага Х. тэрміна «аль-джэбр» паходзіць назва «алгебра». З прац Х. ў навук. ўжытак у Еўропе ўведзена дзесятковая сістэма лічэння, якая ўзнікла ў Індыі, і арабскія лічбы. Імя аль-Х. (лац. Algorithmi) увайшло ў матэматыку як агульная назва сістэмы вылічэнняў (алгарытм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАРАСТО́ЎСКІ Дзмітрый Аляксандравіч (н. 16.10.1962, г. Краснаярск, Расія),
расійскі спявак (барытон). Нар.арт. Расіі (1995). Скончыў Краснаярскі ін-т мастацтваў. З 1985 саліст Краснаярскага т-ра оперы і балета, з 1987 — Марыінскага т-ра. З 1989 спявае ў найбуйнейшых т-рах свету: «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш. Валодае прыгожым тэмбрам голасу, выдатнай тэхнікай бельканта. Сярод партый: Яўген Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Сільвіо («Паяцы» Р.Леанкавала), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Жэрмон, Радрыга («Травіята», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Рычард («Пурытане» В.Беліні). У канцэртным рэпертуары рус.нар. песні, рамансы. Лаўрэат XII Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1987, 1-е месца), міжнар. конкурсаў (у Тулузе, Францыя, 1988, Гран-пры; «Залаты Арфей», Парыж, 1992, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕРАШКО́Ў Аляксей Дзмітрыевіч (18.2.1893, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 18.3.1960),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1922) і ўдасканалення каманднага саставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, баёў на Зах. фронце ў 1919—20 (камандзір роты, батальёна, палка), вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941 — камандзір брыгады, дывізіі, корпуса. Дывізія на чале з ім вызначылася пры абароне г. Тула ў 1941; 14.1.1945 стралк. корпус пад камандаваннем ген.-маёра Ц. прарваў абарону праціўніка на левым беразе р. Вісла (Польшча), фарсіраваў р. Варта, за 15 дзён з баямі прайшоў 400 км і ўступіў на тэр. Германіі. Да 1953 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІХАНРА́ВАЎ Міхаіл Клаўдзіевіч (29.7.1900, г. Уладзімір, Расія — 4.3.1974),
савецкі вучоны ў галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Чл.-кар.Міжнар. акадэміі астранаўтыкі (1968). Д-ртэхн.н. (1958). Герой Сац. Працы (1961). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі (1970). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1925). Працаваў на прадпрыемствах авіяц. прам-сці. З 1932 у Групе вывучэння рэактыўнага руху. З 1934 у Рэактыўным НДІ (нач. аддзела). Адначасова з 1960 у Маскоўскім авіяц. ін-це. Навук. працы па даследаванні вадкасных рухавікоў, праектаванні вышынных ракет. Кіраваў стварэннем першай сав. ракеты на гібрыдным паліве (1933), адзін з гал. стваральнікаў першых у свеце міжкантынент. ракеты-носьбіта, ШСЗ, пілатуемых касм. караблёў, аўтам. міжпланетных станцый. Ленінская прэмія 1957.