ФРЫ́ДМАН Аляксандр Аляксандравіч (16.6.1888, С.-Пецярбург — 16.9.1925),
расійскі матэматык, фізік і метэаролаг, адзін са стваральнікаў сучаснай дынамічнай метэаралогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1918 праф. Пермскага ун-та, з 1920 — Петраградскага політэхн. ін-та. З 1925 дырэктар Гал.геафіз. абсерваторыі. Навук. працы па матэматыцы, гідрамеханіцы, тэорыі турбулентнасці, геафіз. гідрадынаміцы, фізіцы атмасферы, рэлятывісцкай касмалогіі. Вывеў ураўненне пераносу атм. віхра (ураўненне Ф.), якое з’яўляецца асноўным у тэорыі прагназавання надвор’я. Знайшоў нестацыянарныя рашэнні ўраўненняў гравітацыйнага поля А.Эйнштэйна (1922—24; касмалагічныя мадэлі Ф.); тэарэтычна даказаў магчымасць расшырэння Сусвету, што было пакладзена ў аснову сучаснай касмалогіі. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца. Прэмія імя У.І.Леніна 1931.
Тв.:
Избр. труды. М., 1966.
Літ.:
Тропп Э.А., Френкель В.Я., Чернин А.Д. А.А.Фридман. М., 1988.