МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.

Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав. — А.​А.​Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.​Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.

На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр. бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.

Літ.:

Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;

Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;

Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДЗІЛО́ЎСКІ Мікалай Канстанцінавіч (псеўд. Русель; 15.12 1850, г. Магілёў — 30.4.1930),

дзеяч міжнар. рэв. руху, вучоны-прыродазнавец. Вучыўся ў Пецярбургскім, Кіеўскім і Бухарэсцкім ун-тах, д-р медыцыны (1877). Удзельнічаў у народніцкім руху ў Расіі, адзін з арганізатараў гуртка «Кіеўская камуна» (1873—74), вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і сялян на Украіне і ў Паволжы. З канца 1874 за мяжой. З кастр. 1875 у Бухарэсце, адзін з арганізатараў сацыяліст. руху ў Румыніі; значна паўплываў на развіццё рэв. руху ў Балгарыі. З 1881 у краінах Зах. Еўропы, удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні рэв. л-ры, быў блізкі да групы «Вызваленне працы», аказваў ёй фін. дапамогу. З 1887 займаўся медыцынай і публіцыстыкай у г. Сан-Францыска. З 1892 на Гавайскіх а-вах, стварыў партыю незалежных і стаў яе лідэрам, у 1900 выбраны чл. сената, у 1901 — прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі. З 1903 у Кітаі, спрабаваў арганізаваць напад на акатуйскую катаржную турму ў Забайкаллі з мэтай вызвалення палітвязняў. У рус.-яп. вайну 1904—05 у Японіі, вёў рэв. прапаганду сярод рус. ваеннапалонных, адкрыў, для іх 3 школы; у 1905 спрабаваў арганізаваць паход 60 тыс. рас. узброеных салдат з Японіі ў Расію, каб падтрымаць рэвалюцыю. У Японіі выдаваў рус. газеты «Япония и Россия», «Воля» і «Восточное обозрение». З 1906 у Кітаі, быў знаёмы з Сунь Ятсенам, памагаў кіт. рэвалюцыянерам зброяй. З 1921 жыў у Цяньцзіні, атрымліваў пенсію ад сав. ўрада. З яго імем звязаны вядомыя дасягненні ў галіне хірургіі, тэорыі туберкулёзу і інш. хвароб. С. — першы падарожнік-географ, які грунтоўна пазнаёміў рас. чытачоў з флорай і фаунай астравоў цэнтр. часткі Ціхага акіяна. Аўтар прац па медыцыне, хіміі, філасофіі, сацыялогіі, геаграфіі.

Літ.:

Грицкевич В.П. Добрый русский доктор на Гавайях // Грицкевич В.​П.​Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Мельников М.Ф. Из семьи соколиной мн., 1973;

Иосько М.И. Николай Судзиловский-Руссель. Мн., 1976;

Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1. С. 357—368;

Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 1995. С. 556—564;

Дзюба У.І. Доктар Русель. Мн., 1991.

М.К.Судзілоўскі.

т. 15, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАПАТАЛО́ГІЯ (ад фіта... + паталогія),

навука пра хваробы раслін, спосабы і метады аховы ад іх. Агульная Ф. вывучае біялогію ўзбуджальнікаў хвароб, прычыны і ўмовы ўзнікнення, заканамернасці развіцця і пашырэння хвароб, іх масавых успышак (эпіфітоцый), пытанні імунітэту і каранціну раслін, распрацоўвае прыёмы і сродкі папярэджвання, узнікнення і развіцця хвароб. Звязана з мікалогіяй, батанікай, мікрабіялогіяй, генетыкай, анатоміяй і фізіялогіяй раслін. Спецыяльная Ф. вывучае асобныя хваробы раслін і звязана з аграхіміяй, глебазнаўствам, раслінаводствам і інш.

Хваробы раслін упершыню класіфікаваў франц. батанік Ж.​Турнефор у пач. 18 ст. У 2-й пал. 18 ст. (даследаванні А.​Ц.​Болатава ў Расіі, А.​Тымета ў Францыі, Ф.​Фантана ў Італіі) даказана патагеннасць галаўні, спарынні, іржаўчыны. У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоны А. Дэ Бары і рас. М.​С.​Варонін вызначылі, што прычынай многіх хвароб з’яўляюцца грыбы. З канца 19 ст. Ф. як комплексная навука вывучае хваробы, што выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі і інш.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Ф. вядуцца з 1923 на Бел. станцыі аховы раслін, пазней у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, Горацкім с.-г. ін-це, Ін-це біял. навук; пасля Вял. Айч. вайны — у Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, БДУ, БСГА, у н.-д. ін-тах земляробства, бульбаводства і плодаагародніцтва, у Бел. лесатэхн. ін-це і інш. (працы В.​Ф.​Купрэвіча, М.​А.​Дарожкіна, С.​М.​Тупяневіча, А.​Л.​Амбросава). З 1971 Бел. ін-т аховы раслін — асн. навук. цэнтр па пытаннях с.-г. Ф. Праводзяцца даследаванні па вывучэнні і ўдакладненні відавога складу ўзбуджальнікаў хвароб раслін, асаблівасцей іх біялогіі, дынаміцы пашырэння і развіцця хвароб, іх шкоднасці і інш.

Літ.:

Федоров Н.И., Усеня В.В., Гаврилова Л.А. и др. Белорусская научная школа по охране и защите леса — 75 лет развития // Лесной науке в Беларуси — 75 лет: Юбил. сб. науч. тр. Ин-та леса Нац. АН Беларуси. 1997. Вып. 47;

Интегрированные системы защиты сельскохозяйственных культур от вредителей, болезней и сорняков. Барановичи, 1998;

Буга С.Ф. Развитие фитопатологических и микологических исследований в Беларуси // Ахова раслін. 2001. №1.

С.​Ф.​Буга.

т. 16, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДРО́ ЗЯМЛІ́,

цэнтральная геасфера Зямлі. Існаванне яе ўстаноўлена ням. сейсмолагам Э.​Віхертам у 1897. Глыбіня залягання (2900 км) вызначана ў 1910 амер. геафізікам Б.​Гутэнбергам. Паводле запісаў пругкіх ваганняў, выкліканых глыбокімі землетрасеннямі, верхняя мяжа ядра зафіксавана на глыб. 2870—2920 км. На ёй папярочныя сейсмічныя хвалі затухаюць, а падоўжныя рэзка памяншаюцца (у 1,7 разу). Я.З. падзяляецца на ўнутр. эфектыўна цвёрдае ядро радыусам 1200—1250 км і вонкавае эфектыўна вадкае ядро таўшчынёй каля 1900 км, падзеленыя прамежкавым ядром або пераходнай зонай таўшчынёй 300—400 км. Шчыльн. рэчыва ў цэнтры Зямлі каля 13—14 г/см³, на ніжняй мяжы вонкавага ядра 11,4—12,3 г/см³, а на мяжы «ядро — мантыя» — 9,5—10,1 г/см³. Маса Я.З. роўная (1.85—1,91)∙10​27 г і складае 31—32% ад масы Зямлі. Сярэдняя дынамічная вязкасць рэчыва ядра каля 0,4 П. Такі параметр сведчыць аб перагрэве ядра і нізкай тэмпературы плаўлення рэчыва. Тэарэт. і эксперым. даследаванні (ударнае сцісканне металаў і іх аксідаў) уласцівасцей хім. сувязей жалеза пры высокіх цісках, а таксама даныя шчыльнасці рэчыва, хуткасцей праходжання сейсмічных хваль праз ядро, пашырэння хім. элементаў у Сонечнай сістэме дазваляюць сцвярджаць, што ў хім. саставе рэчыва Я.З. каля 90% жалеза і 10% лёгкіх дабавак (сера, кісларод). Вонкавае ядро складзена з аксіду жалеза (I)Fe2O, унутранае — з жалеза-нікелевага сплаву Fe0,9∙Ni0,1, прамежкавы слой — сульфідны.

Фігура паверхні ядра нераўнамерна адхіляецца ад фігуры эліпсоіда вярчэння ад -4 км да +6 км. пры гэтым для тэр. Беларусі адхіленне складае прыкладна +2 км, Выяўленыя няроўнасці на паверхні ядра ўяўляюць сабой карані ўзыходных і сыходных канвектыўных патокаў у ніжняй мантыі Зямлі. У тэарэтычнай геафізіцы існуе меркаванне, што канвекцыя рэчыва ў вонкавым ядры ўзбуджае асн. магнітнае поле Зямлі, а перамяшчэнні ўнутр. ядра адносна вонкавага складаюць векавыя варыяцыі геамагн. поля. Пра паходжанне Я.З. мяркуюць, што яно ўтварылася шляхам гравітацыйнай дыферэнцыяцыі першаснай Зямлі ў перыяд яе росту або пазней (В.М.Гольдшміт, 1922) ці жалезнае ядро ўзнікла яшчэ ў протапланетным воблаку (ням. вучоны А.​Эйкен, 1944). Гл. таксама Зямля, Касмагонія, Касмалогія.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 18, кн. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),

вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.​С.​Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). Рас. вучоны С.​Л.​Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.

Літ.:

Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;

Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч. М., 1983. Т. 3;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;

Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;

Леонтьев А.Н. Эволюция психики: Избр. психол. тр. М.;

Воронеж, 1999.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Маскве.

Бярэ пачатак ад ваен. архіваў Рас. імперыі: створанага ў 1819 Маскоўскага аддз. архіва Інспектарскага дэпартамента Гал. штаба (з 1865 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. штаба, з 1906 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. ўпраўлення Генштаба) і створанага ў 1797 Імператарскага дэпо карт (з 1812 Ваен.-тапаграфічнае дэпо Ваен. мін-ва, з 1863 Ваен.-гіст. і тапаграфічны архіў Гал. ўпраўлення Генштаба, з 1867 Ваен.-вучоны архіў Гал. штаба, з 1906 — Гал. ўпраўлення Генштаба). З 1921 гэтыя архівы былі асн. сховішчамі 3-й (ваен.-марской) секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду, у 1925 на іх аснове створаны Ваен.-гіст. архіў (да яго далучаны дакументы б. Маскоўскага ваен.акр. архіва і вылучаны дакументы Чырв. Арміі), з 1933 Цэнтр. ваен.-гіст. архіў, з 1941 Цэнтр. дзярж. ваен.-гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. У 1956—58 папоўнены дакументамі б. Ленінградскага філіяла (створаны ў 1819 як архіў інспектарскага дэпартамента Ваен. мін-ва, пасля — Агульны архіў Гал. штаба, у 1934—41 Ленінградскі ваен.-гіст. архіў). 13 870 фондаў, З 397 628 адзінак захоўвання за 1520—1918 (асобныя дакументы за 1919—41). Зберагае матэрыялы дзейнасці вышэйшых, цэнтр. і мясц. органаў вайск. кіравання і вайск. устаноў Расіі з канца 17 ст. да сак. 1918, у т. л. Ваен. калегіі (1717—1812), Ваен. мін-ва (1808—1918), Гал. штаба (1865—1918), Гал. ўпраўлення Генштаба (1905—18), Штаба Вярх. галоўнакамандуючага Стаўкі (1914—18), ваен. акруг, крэпасцей, ваен.-навуч. устаноў, армій, карпусоў, дывізій, палкоў і інш. вайск. злучэнняў, зборы картаграфічных матэрыялаў. Дакументы асвятляюць войны і ваен. кампаніі, якія вяла Расія: Лівонскую вайну 1558—83, войны з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67, 1792, Паўн. вайну 1700—21, вайну 1812, 1-ю сусв. вайну, барацьбу з Барскай канфедэрацыяй 1768, задушэнне паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Беларусі. Захоўвае фонды вайск. часцей і ўстаноў, размешчаных на тэр. Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., тапаграфічныя карты і планы гарадоў Беларусі канца 18 — пач. 20 ст., карты дзярж. межаў Расіі з Рэччу Паспалітай 18 ст.

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 158—162;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

т. 13, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІЧ Аркадзь Антонавіч (17.9.1891, в. Бацэвічы Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.1938),

дзеяч бел. нац.-дзярж. адраджэння, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. Праф. (1927). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це. З 1910 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. На канферэнцыі БСГ у чэрв. 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газ. «Грамада». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), нар. сакратар асветы ў 1-м яе ўрадзе. Пасля распаду БСГ разам з інш. бел. дзеячамі ў крас. 1918 арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў бел. сацыял-дэмакратыі. У час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (вер. 1920) пераехаў у Вільню, удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй. У жн. 1922 урад Сав. Беларусі дазволіў С. вярнуцца ў Мінск і прызначыў яго заг. планава-эканам. аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 дацэнт, праф. і заг. кафедры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925 нам. яго старшыні, кіраўнік с.-г. секцыі і камісіі па раянаванні БССР). У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаны час. «Плуг» і Цэнтр. бюро краязнаўства. У 1928 абраны правадз. членам Рус. геагр. т-ва, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навук. працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». С. зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. 26.6.1930 арыштаваны ДПУ па справе т.зв. Саюза вызвалення Беларусі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Аса Пермскай, потым — у г. Ішым Цюменскай абл. (Расія). У жн. 1935 вызвалены, але 17.6.1937 зноў арыштаваны і 10.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы Вярх. судом БССР 10.6.1988, па 2-м прэзідыумам Цюменскага абл. суда 9.2.1957.

Літ.:

Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994.

У.​М.​Міхнюк.

А.А.Смоліч.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІЯ РАСЛІН

Навуковыя даследаванні па геаграфіі раслін на Беларусі вядомы з часоў ВКЛ і дзейнасці прафесараў Віленскага універсітэта Ж.​Э.​Жылібера, С.​Б.​Юндзіла і Ю.​Юндзіла (канец 18 — пач. 19 ст.). Пазней выйшлі фларыстычныя працы В.​Г.​Бесэра, Э.​Ліндэмана, К.​Чалоўскага, Р.​Траўтфетэра і інш. Значныя даследаванні правёў І.​К.​Пачоскі; яго манаграфія «Аб раслінных фармацыях і паходжанні флоры Палесся» (1900) і «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей» (1901) далі новы імпульс развіццю геаграфіі раслін на Беларусі. Першае фітагеаграфічнае апісанне бел. флоры зрабіла В.​С.​Палянская ў манаграфіі «Склад флоры Беларусі і геаграфічнае пашырэнне паасобных раслінных відаў» (1931).

З сярэдзіны 20 ст. асноўныя кірункі даследаванняў — вывучэнне гісторыі і сучасных фітагеаграфічных сувязей флоры Беларусі з флорамі сумежных рэгіёнаў, аналіз уздзеяння антрапагенных фактараў на працэсы флорагенезу і фітацэнагенезу, распрацоўка тэарэт. пытанняў фітахаралогіі, навук. асноў аховы канкрэтных фларыстычных комплексаў. Даследаванні вядуцца з выкарыстаннем комплексных эколага-геагр. і бія- і хемасістэматычных метадаў. Пытанні геаграфіі раслін, асабліва актыўна з 1960-х г., распрацоўваюцца ў Ін-це эксперыментальнай батанікі Нац. АН Беларусі. Вывучаюцца геагр. пашырэнне відаў раслін, іх арэалы, жыццёвыя формы, геагр. элементы флоры; устаноўлены міграцыйныя шляхі асобных відаў і фларыстычных комплексаў (Г.​У.​Вынаеў, Н.​В.​Казлоўская, В.​І.​Парфёнаў, Г.​Ф.​Рыкоўскі, Дз.​І.​Траццякоў і інш.). Распрацавана кліматагеннарывалітатная тэорыя фітацэнахаралогіі (В.​С.​Гельтман); выяўлены занальныя асаблівасці расліннага покрыва і тэр. размяшчэння прыродных раслінных супольніцтваў Беларусі (В.​С.​Гельтман, Дз.​С.​Голад, І.​М.​Сцепановіч, І.​Д.​Юркевіч і інш.). У інстытутах геалагічных навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі, у Бел. геолага-разведачным НДІ даследуюцца: выкапнёвая флора і гісторыя яе развіцця, спорава-пылковы палеакарпалагічны аналіз геалагічных адкладаў, стратыграфія тарфяных пакладаў. Навуковыя даследаванні па геаграфіі раслін каардынуюць вучоны савет Нац. АН Беларусі па праблеме «Заканамернасці фарміравання, дынаміка і ахова расліннага свету» і секцыя «Геалогія чацвярцічнага перыяду і геамарфалогія» пры Нац. АН Беларусі (гісторыя расліннасці ў антрапагене).

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Гельтман В.С. Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время. Мн., 1981;

Агаханянц О.Е. Ботаническая география СССР. Мн., 1986.

І.​М.​Сцепановіч.

т. 18, кн. 2, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТЫКА,

навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.

Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.​Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.​Галілея, І.​Ньютана, Л.​Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.​Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.​В.​Астраградскі, М.​У.​Маіеўскі, вучоныя б. СССР А.​М.​Крылоў, Д.​А.​Вентцэль, С.​А.​Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.​Шарбанье (Францыя), Д.​Біянкі (Італія) і інш.

Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.

Літ.:

Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;

Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н., Богодистов С.С. Внешняя баллистика. 3 изд. М., 1991;

Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.

Да арт. Балістыка. Рыс. 1. Крывыя змены ціску (P) парахавых газаў і скорасці (V) снарада ў залежнасці ад шляху (l) снарада (ln — адлегласць, на якой заканчваецца ўздзеянне парахавых газаў на снарад у перыяд паслядзеяння; lg — даўжыня шляху снарада да дульнага зрэзу). Рыс. 2. Крывыя перамены ціску (P) парахавых газаў і скорасці снарада ў залежнасці ад часу (t) (Po — ціск фарсіравання; Pm — максімальны ціск; Pg — дульны ціск; Vg — дульная скорасць). Рыс. 3. Элементы траекторыі і асноўныя сілы, якія дзейнічаюць на снарад у палёце; O — пункт вылету снарада; S — вяршыня траекторыі; C — пункт падзення; Vo — пачатковая скорасць снарада; θo — вугал кідання; x і y — бягучая гарызантальная далёкасць і вышыня палёту снарада; V — бягучая скорасць снарада; Y — вышыня траекторыі; X — поўная гарызантальная далёкасць палёту; Vc — канцавая скорасць снарада; θc — вугал падзення; R — сіла супраціўлення паветра; q — сіла цяжару.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)