ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),

вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.​С.​Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). Рас. вучоны С.​Л.​Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.

Літ.:

Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;

Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч. М., 1983. Т. 3;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;

Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;

Леонтьев А.Н. Эволюция психики: Избр. психол. тр. М.;

Воронеж, 1999.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)