СУДЗІЛО́ЎСКІ Мікалай Канстанцінавіч (псеўд.Русель; 15.12 1850, г. Магілёў — 30.4.1930),
дзеяч міжнар.рэв. руху, вучоны-прыродазнавец. Вучыўся ў Пецярбургскім, Кіеўскім і Бухарэсцкім ун-тах, д-р медыцыны (1877). Удзельнічаў у народніцкім руху ў Расіі, адзін з арганізатараў гуртка «Кіеўская камуна» (1873—74), вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і сялян на Украіне і ў Паволжы. З канца 1874 за мяжой. З кастр. 1875 у Бухарэсце, адзін з арганізатараў сацыяліст. руху ў Румыніі; значна паўплываў на развіццё рэв. руху ў Балгарыі. З 1881 у краінах Зах. Еўропы, удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні рэв. л-ры, быў блізкі да групы «Вызваленне працы», аказваў ёй фін. дапамогу. З 1887 займаўся медыцынай і публіцыстыкай у г. Сан-Францыска. З 1892 на Гавайскіх а-вах, стварыў партыю незалежных і стаў яе лідэрам, у 1900 выбраны чл. сената, у 1901 — прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі. З 1903 у Кітаі, спрабаваў арганізаваць напад на акатуйскую катаржную турму ў Забайкаллі з мэтай вызвалення палітвязняў. У рус.-яп. вайну 1904—05 у Японіі, вёў рэв. прапаганду сярод рус. ваеннапалонных, адкрыў, для іх 3 школы; у 1905 спрабаваў арганізаваць паход 60 тыс.рас. узброеных салдат з Японіі ў Расію, каб падтрымаць рэвалюцыю. У Японіі выдаваў рус. газеты «Япония и Россия», «Воля» і «Восточное обозрение». З 1906 у Кітаі, быў знаёмы з Сунь Ятсенам, памагаў кіт. рэвалюцыянерам зброяй. З 1921 жыў у Цяньцзіні, атрымліваў пенсію ад сав. ўрада. З яго імем звязаны вядомыя дасягненні ў галіне хірургіі, тэорыі туберкулёзу і інш. хвароб. С. — першы падарожнік-географ, які грунтоўна пазнаёміў рас. чытачоў з флорай і фаунай астравоў цэнтр. часткі Ціхага акіяна. Аўтар прац па медыцыне, хіміі, філасофіі, сацыялогіі, геаграфіі.
Літ.:
Грицкевич В.П. Добрый русский доктор на Гавайях // Грицкевич В.П.Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Мельников М.Ф. Из семьи соколиной мн., 1973;
Иосько М.И. Николай Судзиловский-Руссель. Мн., 1976;
Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1. С. 357—368;
Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1995. С. 556—564;