навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл.Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АНБеларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел.НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫ́ (Felis),
род драпежных млекакормячых сям. кашэчых. Каля 20 падродаў, 31 від. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 5 падвідаў. На Беларусі 1 від — рысь еўрапейская; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 46—197, хваста 15—91 см, маса 1,5—105 кг. Выш. ў крыжы большая за выш. ў плячах. Кіпцюры ўцяжныя (акрамя суматранскага К.). Афарбоўка густога футра рознага малюнку і адценняў: аднатонная, плямістая або паласатая. Нараджаюць звычайна 3—4 кацянят (зрэдку да 7), некат. віды — двойчы за год. Аб’екты промыслу, футра малакаштоўнае (акрамя рысі).
Свойскія К. (F. catus) паходзяць ад лівійскага падвіду дзікага К. Сталі хатнімі жывёламі 3—5 тыс.г. назад. Існуе каля 300 парод свойскіх К., якія адрозніваюцца даўж. і афарбоўкай поўсці. На Беларусінайб. пашыраны караткашэрсныя пароды, у т. л. руская блакітная, сіямская, з даўгашэрсных — персідская, сібірская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),
сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл.Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл.Лебедзі), чэрнець белавокая (гл.Чэрнеці).
Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),
старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс.н.э. (зах. Літва). На Беларусінайб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс.н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Да арт.Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Людміла Якаўлеўна) (н. 13.5.1950, г. Чарнаўцы, Украіна),
бел. спявачка (сапрана). Засл. арт.Беларусі (1983). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976, клас Л.Чаўдар). У 1976—97 салістка Нац.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага чыстага тэмбру, высокай вак. тэхнікай. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца шчырасцю, лірызмам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Паола («Джардана Бруна» С.Картэса), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Прылепа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда, Віялета, паж Оскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Сюзанна і Барбарына («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1977), міжнар. конкурсу «Новыя оперныя галасы» (1986, Італія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),
суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Яўген Яўстафіевіч) (29.11. 1908, Баку — 14.7.1980),
бел. жывапісец і графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1935—36). У 1942—44 у Маскве, супрацоўнічаў у перыяд. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну» і час. «Партызанская дубінка». З 1944 у Мінску. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. станковай графікі, экслібрыса. Творчай манеры ўласцівы свабода і абагульненасць пісьма, дакладнасць кампазіцыі і партрэтных характарыстык, тонкая перадача колеравага багацця свету, унутр. дынаміка. Сярод работ: партрэты «Беларус» (1935), маці (1945), дзеячаў мастацтва Беларусі М.Філіповіча (1946), Б.Платонава (1947), М.Станюты (1963), І.Сарокіна (1972), аўтапартрэт (1980); пейзажы «Белавежская пушча» і «Вязынка» (1947), «Паўночная Венецыя» (1962), «Мірскі замак» (1968), «Зіма ў Мінску» (1977); нацюрморты «Кнігі» (1945), «Веснавыя кветкі» (1977); творы працоўнай і гіст. тэматыкі «Дажынаюць» (1931), «Зямля» (1943), «Міцкевіч у Гурзуфе» (1956), «Кастусь Каліноўскі перад пакараннем» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),
атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.
Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл.Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ШАЛЬ (Францішак Вінцэнтавіч) (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),
вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл.Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.—жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал.вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл.Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час.«Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗО́ЎСКІ (Юрый Віктаравіч) (16.1.1931, г. Іжэўск, Удмурція — 3.5.1993),
бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт.Беларусі (1980). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Іванаўскім т-ры муз. камедыі (1947—48), з 1949 артыст гэтага т-ра. У 1970—90 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Майстар камедыйнага вобраза, вострахарактарнага сцэн. малюнка. Сярод лепшых роляў: Сцяпан Крыніцкі, Генерал, Нарэйка («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Скамарох («Несцерка» Р.Суруса), Фама («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), граф Кутайсаў («Халопка» М.Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Кавалькадас («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Фядот («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Князь Тугавухаўскі («Гора ад розуму» А.Фельзера), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), князь Воляпюк, Фраскаці, Філіп, Генерал («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра», «Д’ябальскі наезнік» І.Кальмана), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу) і інш.
Літ.:
Волчок Г. Юрий Лазовский // Тэатр. Мінск. 1980. № 4.