СУШЫ́НСКІ Язэп Францавіч (1885, в. Юраны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1967),

бел. культ.-грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. За ўдзел у студэнцкіх выступленнях 1905 арыштаваны і зняволены ў турму «Крыжы». З 1907 чл. Бел. сацыяліст. грамады. Адзін з заснавальнікаў створанай у маі 1917 Беларускай народнай партыі сацыялістаў, старшыня яе Арганізац. бюро. Удзельнік Усебел. з’езда (снеж. 1917, Мінск). У 1921—30 працаваў у Наркамаце асветы БССР, Інбелкульце, Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і ў крас. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Уфа. У ліп. 1935 Асобай нарадай НКУС асуджаны на дадатковы тэрмін. Пасля рэабілітацыі ў ліст. 1957 вярнуўся ў Мінск.

Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу, з якім быў знаёмы з 1910.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)