АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,

алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.​А.​Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ВЫ-ПО́МНІКІ,

дрэвы, якія лічацца каштоўнымі аб’ектамі жывой прыроды ці культурна-гістарычнымі аб’ектамі і ахоўваюцца дзяржавай; помнікі прыроды. Бываюць рэсп. і мясцовага значэння. На Беларусі каля 120 асобных Д.-п. аб’яўлены помнікамі прыроды (рэсп. значэння каля 90). Да іх належаць векавыя дрэвы (у т. л. дубы-волаты, напр., цар-дуб у Маларыцкім, Сувораўскі дуб у Кобрынскім р-нах Брэсцкай вобл., дуб-волат у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.) і дрэвы рэдкіх інтрадукаваных відаў (напр., карыя авальная ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., ліпа каралінская ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., хвоя кедравая еўрапейская ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.). Помнікамі прыроды рэсп. і мясцовага значэння лічацца таксама 95 груп Д.-п. (30 — рэсп. значэння). Гэта натуральныя ўчасткі лесу (дубровы, хвойнікі, бярэзнікі, ясеннікі) і насаджэнні з удзелам інтрадукаваных відаў (напр., лістоўніцы ў Баранавіцкім, хвоі веймутавай у Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл.). Ахова Д.-п. прадугледжвае перадачу іх пад ахоўнае абавязацельства, паспартызацыю, прафілактычнае і бягучае лячэнне (Іл. гл. ў арт. Батанічныя помнікі прыроды).

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ АДПАЧЫ́НКУ,

прафілактычная аздараўленчая ўстанова для адпачынку і аднаўлення сіл людзей у найб. спрыяльных і здаровых умовах. Д.а. ствараюць прафес. саюзы, мін-вы, ведамствы, асобныя прадпрыемствы і калгасы.

Бываюць Д.а. круглагадовыя, сезонныя і спец. (для бацькоў з дзецьмі, моладзі, цяжарных і інш.), з 12- і 24-дзённым адпачынкам і для адпачынку ў выхадныя дні. Усе Д.а. маюць мед. пункты, на якіх працуюць мед сёстры, у значных (350 і больш месцаў) ёсць урач, у невялікіх (200—350 месцаў) — фельчар. Некаторыя Д.а. маюць зубаўрачэбны і фізіяпрацэдурны кабінеты, лячэбны масаж. Першыя Д.а. на Беларусі (з 1920): «Ждановічы» (з 1970 санаторый) пад Мінскам, «Чонкі» пад Гомелем. У 1980 на Беларусі было 16 Д.а. на 5452 месцы, у 1996—11 на 2549 месцаў: 5 з іх ведамасныя, 6 Д.а. («Алеся», «Лагойскі», «Лясныя азёры», «Нарач», «Пухавічы», «Свіцязь») належаць аб’яднанню «Белпрафсаюзкурорт». У 1960-я г. з’явіліся ўстановы на ўзор Д.а. — пансіянаты адпачынку (у 1995—4 на 784 месцы) і пансіянаты з лячэннем (1 на 178 месцаў).

Э.​А.​Вальчук.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАВЫ́ СПОРТ,

від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.

Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.​Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.​Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.​Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.

В.​Л.​Працкайла.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),

надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).

Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб. стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн. прамысл. рыбы.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ АБ ЧАРНАМО́РСКІХ ПРАЛІ́ВАХ міждзяржаўныя пагадненні аб умовах міжнар. рэжыму Чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданелы

(іх берагі належаць Турцыі),

падпісаныя ў Лондане ў 19 ст. 1) Канвенцыя ад 13.7.1841 паміж Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Прусіяй і Турцыяй абавязвала Турцыю ў мірны час не прапускаць праз Чарнаморскія пралівы замежныя ваен. судны, у т. л. расійскія. Фактычна скасавала Ункяр-Іскелесійскі дагавор 1833, які прадугледжваў сумеснае выкарыстанне і абарону праліваў Расіяй і Турцыяй; рас. ваен. флот быў запёрты ў Чорным м. 2) Канвенцыя ад 13.3.1871 паміж Расіяй, Турцыяй, Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй і Францыяй у асноўным пацвердзіла ўмовы канвенцыі 1841, але Турцыі дазвалялася ў мірны час прапускаць праз пралівы ваен. судны «дружалюбных і саюзных дзяржаў», што аб’ектыўна было накіравана супраць Расіі. Санкцыяніравала адмену артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, якія забаранялі Расіі трымаць на Чорным м. ваен. флот і будаваць умацаванні.

Літ.:

Дранов Б.А. Черноморские проливы: Междунар.-правовой режим. М., 1948. С. 95—124.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),

рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас. Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс. км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс. км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м​3/с. Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Тактаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДО́ЎСКІЯ МО́ВЫ,

падгрупа фіна-угорскіх моў. Мовы мардвы. Распаўсюджана ў Мардовіі, Башкортастане, Татарстане, Чувашыі, Ніжагародскай, Арэнбургскай, Пензенскай, Саратаўскай і інш. абласцях Расіі. Да М.м. належаць макшанская (мокша-мардоўская) і эрзянская (эрзя-мардоўская) мовы. Шматдыялектныя. У макшанскай мове 7 галосных і 33 зычныя; націск пераважна на 1-м складзе (абумоўлены якасцю галосных словаформы). У эрзянскай мове 5 галосных і 28 зычных; націск фразавы і рытмічны. М.м. аглюцінатыўныя мовы. У значэнні прыназоўнікаў ужываюцца паслялогі. Больш за 10 склонаў, 3 тыпы скланення, адсутнасць катэгорыі роду, 7 ладоў дзеяслова, 2 спражэнні. У лексіцы шмат русізмаў, ёсць цюркізмы, балт. і іранскія запазычанні. 2 літ. мовы, якія сфарміраваліся на аснове макшанскіх і эрзянскіх дыялектаў б. адзінай агульнамардоўскай мовы: макшанская (сфарміравалася да сярэдзіны 1930-х г.) і эрзянская (у канцы 1920-х г.). Пісьменства на розных мардоўскіх дыялектах (лац. і рус. графіка) з канца 17 ст. У аснове мардоўскага пісьма рус. графіка і арфаграфія (з сярэдзіны 18 ст.).

Літ.:

Грамматика мордовских языков: Фонетика, графика, орфография, морфология. Саранск, 1980.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКА вытворчая,

выява, якая індывідуалізуе прадукцыю (тавары) і яе вытворцу. Змяшчаецца на вырабах, упакоўцы, тары. Уключае поўную або скарочаную назву прадпрыемства-вытворцы, звесткі аб яго месцазнаходжанні, гатунку і кошце вырабу, стандарце, тэхн. умовах і інш. За пастаўку прадукцыі без вытворчай М. пастаўшчык павінен плаціць штраф. Існуе таксама М. гандлёвая — назва, тэрмін, знак, сімвал, малюнак або іх камбінацыі для ідэнтыфікацыі прадукту прадаўца або групы прадаўцоў і адрознення іх ад прадуктаў канкурэнтаў. Уключае марачнае імя (частка М. ў выглядзе літар, слоў і іх камбінацый) і марачны знак (частка М., якая ўяўляе сабой сімвал, малюнак, каляровае або шрыфтавое афармленне). У залежнасці ад таго, пад якой М. рэалізуецца прадукт, адрозніваюць М. вытворцы, або нацыянальную М. (М., створаная вытворцам або ўзятая ў арэнду ў інш. вытворцы), і прыватную М. (пасрэдніцкую, М. дыстрыб’ютэра, дылера). Вытворчая і гандлёвая М. выкарыстоўваюцца незалежна ад таварнага знака і ў адрозненне ад яго не належаць рэгістрацыі і прававой ахове.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)