СТУДЗЯНЕ́Ц,
помнік прыроды рэсп. значэння (з 1968), геалагічнае агаленне старажытных азёрных адкладаў. Размешчана за 1,7 км на ПнЗ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Студзянец. Прымеркавана да ўступа азёрнай тэрасы паўд.-зах. берага воз. Нарач. Праслоі намыўнога торфу ў выглядзе лінз і невял. слаёў, якія належаць да паазерскіх (аляродскіх і познадрыясавых) азёрных утварэнняў, залягаюць у тоўшчы (да 6 м) пяскоў. У адкладах торфу вылучана эталонная аляродская флора ляснога тыпу (хвоя, елка, ляшчына, вярба і інш.). С. — першае датаванае агаленне аляроду і дрыясу на тэр. СССР (абсалютны ўзрост хвоі каля 10810 гадоў). Побач выяўлены крамянёвыя пласціны, скрэблы, вастрыё і інш. прылады працы стараж. чалавека ў верхнім палеаліце і раннім мезаліце.
В.Ф.Вінакураў.
т. 15, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)