КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВІ́НА, карбамід,

амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.​Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.​Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.

Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдэгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.

А.​І.​Валожын.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАГРА́ФІЯ (ад стэна... + ...графія),

спосаб хуткага запісу вуснай мовы з дапамогай спец. сістэмы знакаў, скарачэння слоў і іх спалучэнняў; скарапіснае пісьмо. Хуткасць стэнаграфічнага пісьма перавышае хуткасць звычайнага ў 4—7 разоў.

С вядома са стараж. часоў (Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 1 ст. да н.э.). У С. адрозніваюць курсіўныя (графічныя) і геаметральныя сістэмы (склаліся ў Англіі; тэрмін «С.» ўвёў у 1602 Дж.​Уіліс у кн. «Мастацтва скорапісу, або Стэнаграфія»), Знакі курсіўных сістэм складаюцца з элементаў звычайнага пісьма, якія злучаюцца валасяной лініяй, а геаметральных сістэм (для моў з адносна кароткімі словамі) — з геам. фігур і іх частак у спалучэнні з прамой рознага нахілу, злучэнне непасрэднае, без валасяной лініі. Сістэмы С. адрозніваюцца і прыёмамі скарачэння. У марфал. (каранёвай) сістэме С. прытрымліваюцца арфаграфіі звычайнага пісьма, словы скарачаюць пач. літарамі. У фанет. (слыхавой) сістэме пры скарачэнні выкідваюць невыразныя гукі. У Расіі ў 1933 на аснове параўнання 7 лепшых сістэм С. прынята адзіная дзярж. сістэма С., у аснове якой сістэма М.​М.​Сакалова. Яна была прынята і ва ўсіх рэспубліках СССР (для рус. мовы). З некат. ўдакладненнямі яна выкарыстоўваецца ў наш час. Існуе і запіс на стэнаграфічных машынах.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫВА,

адзін з двух (нараўне з полем фізічным) відаў матэрыі. Складаецца з элементарных часціц (у асн. электронаў, пратонаў і нейтронаў) з масай (энергіяй спакою), не роўнай нулю. У зямных умовах вядомы 4 станы Р.: газ, вадкасць, цвёрдае цела і плазма, у белых карліках і нейтронных зорках Р. знаходзіцца ў звышшчыльным стане. У хіміі Р. прынята падзяляць на простыя, утвораныя атамамі аднаго хім. элемента (гл. Простае рэчыва), і складаныя (гл. Злучэнне хімічнае). Разнастайнасць фіз. і хім. уласцівасцей Р. абумоўлена эл.-магн. узаемадзеяннем паміж электронамі і ядрамі атамаў, а таксама паміж атамамі і малекуламі.

У класічнай фізіцы фіз. поле, якое мае неперарыўную структуру, проціпастаўлялася Р., якое складаецца з дыскрэтных утварэнняў. У квантавай механіцы ўстаноўлена, што кожны мікрааб’ект мае дваістую прыроду. Напр., электрон (часціца Р.) характарызуецца як карпускулярнымі, так і хвалевымі, а фатон (квант эл.-магн. поля) — хвалевымі і карпускулярнымі ўласцівасцямі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Выяўленне дыялектычнай узаемасувязі паміж уласцівасцямі Р. і поля прывяло да больш глыбокага разумення структуры матэрыі і дазволіла размежаваць паняцці Р. і матэрыі, якія атаясамліваліся ў навуцы на працягу многіх стагоддзяў.

Літ.:

Вавилов С.И. Развитие идеи вещества // Собр. соч. М., 1956. Т. 3;

Эрдэи-Груз Т. Основы строения материи: Пер. с нем. М., 1976.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВІ́ЗІЯ,

асноўнае тактычнае злучэнне ў розных відах узбр. сіл многіх дзяржаў. Па прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, прызначэнні, арг-цыі і ўзбраенні ў гісторыі будаўніцтва ўзбр. сіл вядомы Д.: пяхотныя, стралк., мотастралк., матарызаваныя, механізаваныя, кав., танк. (бранятанкавыя), артыл., авіяц., паветрана-дэсантныя, дэсантна-штурмавыя, ППА, марской пяхоты і інш. Прызначаны для вядзення бою ў складзе больш буйных фарміраванняў (армія, корпус і інш.), а ў некат. выпадках і самастойна. Д. сухапутных узбр. сіл складаюцца з палкоў, брыгад, батальёнаў і інш. вайск. падраздзяленняў. Стралк. Д. ўзбр. сіл СССР часоў 2-й сусв. вайны мела ў сваім складзе 3 стралк. палкі, артыл. брыгаду, самаходна-артыл. і зенітна-артыл. дывізіёны, сапёрны і вучэбны батальёны, батальён сувязі і інш. падраздзяленні. У пасляваен. перыяд у стралк. Д. ўведзены танкасамаходны полк, павялічылася яе рухомасць і агнявая магутнасць; стралк. Д. перафарміраваны ў мотастралковыя.

У ВПС многіх дзяржаў ёсць авіяц. Д. для падтрымкі сухап. войск з паветра, паветр. разведкі і выканання інш. задач. Звычайна авіяц. Д. маюць некалькі авіяц. палкоў або эскадраў аднаго роду авіяцыі ад 45 да 200 і больш самалётаў. У ВМФ Д. караблёў прызначана для вядзення самаст. баявых дзеянняў на марскіх прасторах або пры ўзаемадзеянні з інш. злучэннямі караблёў. Могуць складацца з некалькіх караблёў 1-га рангу і інш. меншых баявых адзінак. Падзяляюцца на Д. надводных і падводных караблёў.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9,4 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 16 ст. як сяло Мазырскага пав. Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Мазырскім пав. З 1863 мястэчка, прыватнае ўладанне. У 1874 было 6 вадзяных млыноў, карчма. У 1886—425 ж., 67 двароў, валасное праўленне, царква, школа, сінагога, яўр. малітоўная школа. У 1897—890 ж., у 1909—1216 ж., 170 двароў. У 1919—20 у Гомельскай губ., з 1921 у Мазырскай акрузе. З 17.7.1924 цэнтр Лельчыцкага раёна. З 27.9.1938 — гар. пасёлак Палескай вобласці. З 23.9.1941 да 23.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 2148 чал. У ноч на 26.11.1942 партыз. злучэнне С.​А.​Каўпака пры ўдзеле Ельскага партыз. атрада разграміла ў Л. варожы гарнізон. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1962—65 у Мазырскім р-не. У 1972—5,4 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 б-кі, Лельчыцкі краязнаўчы музей. Дом культуры, кінатэатр, бальніца. Касцёл прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы (1999). Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦК ВЛКСМ, лётчыкаў і партызана; магіла ахвяр фашызму.

В.​М.​Князева.

Лельчыцы. Забудова вуліцы Перамогі.

т. 9, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,

ваенныя фарміраванні паўстанцаў у Магілёўскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сфарміраваны пад кіраўніцтвам губернскай (ваяводскай) рэв. арг-цыі, падначаленай віленскаму паўстанцкаму цэнтру. Вайсковы начальнік (ваявода) Магілёўскай губ. — Л.Звяждоўскі. У ноч на 24.4.1863 атрад Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та захапіў павятовы г. Горкі і рушыў на злучэнне з Крычаўскім (Чэрыкаўскім) атрадам Я.​Жукоўскага, які павінен быў напасці на Крычаў і захапіць там артылерыю. Але ўлады паспелі нанесці папераджальны ўдар і рассеяць Крычаўскі атрад. Звяждоўскі павярнуў на 3, пераправіўся цераз Проню і, пераканаўшыся ў перавазе царскіх войск, 30.4.1863 непадалёк ад г. Прапойск распусціў атрад. Большасць паўстанцаў атрада (звыш 100 чал.) здаліся ўладам, Звяждоўскі і Жукоўскі ўцяклі. Толькі некалькі дзён пратрымаліся і інш. атрады Магілёўшчыны; Аршанскі атрад І.Будзіловіча (разбіты 26.4.1863 пад Пагосцішчамі), Быхаўскі — І.Анцыпы, Рагачоўскі — Т.Грыневіча. Камандзіры разбітых атрадаў трапіў у рукі ўлад і пасля суда расстраляны. У паўд. частцы Сенненскага пав. атрад сфарміраваў К.Жаброўскі і перайшоў з ім у Барысаўскі пав. З ім дзейнічалі і рэшткі атрада А.Алендскага, разбітага 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н). У маі 1863 Жаброўскі і Алендскі схоплены ў Барысаўскім пав. і расстраляны. Паўстанне на Магілёўшчыне не набыло размаху. Атрады складаліся гал. чынам з афіцэраў, студэнтаў, гімназістаў, дробных чыноўнікаў, мяшчан, шляхты і інш. Паводле звестак афіцыйнага гістарыёграфа В.​Ратча, агульная колькасць узбр. паўстанцаў на Магілёўшчыне не перавышала 800 чал.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СУ́ВЯЗЬ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ І НЕПАДЗЕ́ЛЬНАСЦІ БЕЛАРУ́СІ»,

арганізацыя, якая існавала ў 1917—18 у Вільні. У яе ўваходзілі В.​Ластоўскі, князь В.​Святаполк-Мірскі, барон К.​Шафнагель і інш. З 2.6.1917 да 22.4.1918 выдала 4 лістоўкі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на бел. і літ. землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць бел.-літ. дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэсп. лад, правесці беларусізацыю школ, рэліг. і дзярж. устаноў з забеспячэннем правоў нац. меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі бел. народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культ. і нац. будаўніцтве. Прызнаючы права літ. народа на незалежнасць, арг-цыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што паліт. раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем укр. пытання, вітала Укр. раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «С.н. і н.Б», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім к-там Беларускай сацыялістычнай грамады (вер. 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй 1918 у Вільні. Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 15, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́НІЯ (ад позналац. unio адзінства, аб’яднанне),

разнавіднасць складанай дзяржавы. Асабістай У. называецца аб’яднанне 2 або некалькіх дзяржаў пад уладай аднаго кіраўніка. Рэальная У. характарызуецца аб’яднаннем не толькі пад уладай адзінага кіраўніка дзяржавы, але і агульнымі органамі ўлады і кіравання. У абодвух выпадках суб’ектам міжнар. права з’яўляецца У. ў цэлым, асобныя дзярж. ўтварэнні, што ўваходзяць у яе склад. Гіст. прыклады асабістай У.: англа-гановерская (1714—1838), нідэрландска-люксембургская (1815—1890). Гіст. прыклады рэальнай У.: шведска-нарвежская (1814—1905), аўстрыйска-венгерская (1867—1918). Дзяржаўная У. — аб’яднанне, саюз дзяржаў. ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзілася ў У. з Польскім каралеўствам. Упершыню пра дзярж. сувязь ВКЛ і Польшчы абвешчана актам вял. кн. ВКЛ Ягайлы 14.8.1385 — Крэўская унія 1385. Пазней яе ўмовы пацверджаны актамі Віленска-Радамскай уніі 1401 і Гарадзельскай уніі 1413. Статус ВКЛ як саюзнай Польшчы дзяржавы быў пацверджаны ў некалькіх актах 1432—34 Ягайлы і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча. Персанальная У. ВКЛ і Польшчы як раўнапраўных дзяржаў заключана ў Бярэсці 17 і 19.9.1446; паводле гэтага дагавора вял. кн. ВКЛ Казімір IV станавіўся і польскім каралём. Злучэнне Польшчы і ВКЛ у адну федэратыўную дзяржаву прадугледжвала Люблінская унія 1569, калі была ўтворана Рэч Паспалітая. У 1655 частка шляхты ВКЛ спрабавала разарваць саюз з Польшчай і заключыць дзярж. У. са Швецыяй (гл. Кейданскі дагавор 1655), але Рэч Паспалітая праіснавала да яе падзелаў у канцы 18 ст.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

узаемадзеянне паміж атамамі (іонамі), якое вядзе да ўтварэння хім. злучэння (малекулы, крышталя) і вызначае яго энергію, малекулярную структуру, рэакцыяздольнасць і інш. Узнікае ў выніку электрастатычнага ўзаемадзеяння паміж электронамі і ядрамі атамаў малекул. Колькасць Х.с., якія атам можа ўтварыць, вызначаецца будовай яго знешняй электроннай абалонкі (гл. Валентнасць). Тэарэт. аснову Х.с. вывучае квантавая хімія. Прыроду і ўласцівасці Х.с. вызначаюць рэнтгенаструктурным аналізам, спектральным аналізам.

Паводле характару размеркавання электроннай шчыльнасці паміж атамамі адрозніваюць іонную сувязь (электроны пераходзяць ад аднаго атама да другога; іоны, што ўтварыліся, утрымліваюцца побач сіламі электрастатычнага ўзаемадзеяння) і кавалентную сувязь (злучэнне і аграмаджанне пары электронаў, па аднаму ад розных атамаў). Найб. пашыраны прамежкавыя выпадкі Х.с. — палярныя кавалентныя сувязі з рознай ступенню іоннасці. Каардынацыйная сувязь — кавалентная палярная сувязь, якая ўтвараецца за кошт двух электронаў аднаго атама. Металічная сувязь, характэрная для металаў, утвараецца паміж катыёнамі металу (узнікаюць у выніку страты электронаў) і «электронным газам», які запаўняе прастору паміж іонамі і забяспечвае эл. праводнасць металаў. Вадародныя сувязі ўтвараюцца паміж малекуламі рэчываў, здольных утвараць «вадародныя мосцікі» (вада, спірты, пептыды). У шырокім сэнсе да Хс. таксама адносяць сілы міжмалекулярнага ўзаемадзеяння (гл. Ван-дэр-Ваальса сілы).

Літ.:

Полинг Л. Общая химия: Пер. с англ. М., 1974;

Краснов К.С. Молекулы и химическая связь. 2 изд. М., 1984;

Эткинс П. Физическая химия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1980.

А.​М.​Рабцаў.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)