У́НІЯ (ад позналац. unio адзінства, аб’яднанне),
разнавіднасць складанай дзяржавы. Асабістай У. называецца аб’яднанне 2 або некалькіх дзяржаў пад уладай аднаго кіраўніка. Рэальная У. характарызуецца аб’яднаннем не толькі пад уладай адзінага кіраўніка дзяржавы, але і агульнымі органамі ўлады і кіравання. У абодвух выпадках суб’ектам міжнар. права з’яўляецца У. ў цэлым, асобныя дзярж. ўтварэнні, што ўваходзяць у яе склад. Гіст. прыклады асабістай У.: англа-гановерская (1714—1838), нідэрландска-люксембургская (1815—1890). Гіст. прыклады рэальнай У.: шведска-нарвежская (1814—1905), аўстрыйска-венгерская (1867—1918). Дзяржаўная У. — аб’яднанне, саюз дзяржаў. ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзілася ў У. з Польскім каралеўствам. Упершыню пра дзярж. сувязь ВКЛ і Польшчы абвешчана актам вял. кн. ВКЛ Ягайлы 14.8.1385 — Крэўская унія 1385. Пазней яе ўмовы пацверджаны актамі Віленска-Радамскай уніі 1401 і Гарадзельскай уніі 1413. Статус ВКЛ як саюзнай Польшчы дзяржавы быў пацверджаны ў некалькіх актах 1432—34 Ягайлы і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча. Персанальная У. ВКЛ і Польшчы як раўнапраўных дзяржаў заключана ў Бярэсці 17 і 19.9.1446; паводле гэтага дагавора вял. кн. ВКЛ Казімір IV станавіўся і польскім каралём. Злучэнне Польшчы і ВКЛ у адну федэратыўную дзяржаву прадугледжвала Люблінская унія 1569, калі была ўтворана Рэч Паспалітая. У 1655 частка шляхты ВКЛ спрабавала разарваць саюз з Польшчай і заключыць дзярж. У. са Швецыяй (гл. Кейданскі дагавор 1655), але Рэч Паспалітая праіснавала да яе падзелаў у канцы 18 ст.
В.С.Пазднякоў.
т. 16, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)