СТЭНАГРА́ФІЯ (ад стэна... + ...графія),
спосаб хуткага запісу вуснай мовы з дапамогай спец. сістэмы знакаў, скарачэння слоў і іх спалучэнняў; скарапіснае пісьмо. Хуткасць стэнаграфічнага пісьма перавышае хуткасць звычайнага ў 4—7 разоў.
С вядома са стараж. часоў (Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 1 ст. да н.э.). У С. адрозніваюць курсіўныя (графічныя) і геаметральныя сістэмы (склаліся ў Англіі; тэрмін «С.» ўвёў у 1602 Дж.Уіліс у кн. «Мастацтва скорапісу, або Стэнаграфія»), Знакі курсіўных сістэм складаюцца з элементаў звычайнага пісьма, якія злучаюцца валасяной лініяй, а геаметральных сістэм (для моў з адносна кароткімі словамі) — з геам. фігур і іх частак у спалучэнні з прамой рознага нахілу, злучэнне непасрэднае, без валасяной лініі. Сістэмы С. адрозніваюцца і прыёмамі скарачэння. У марфал. (каранёвай) сістэме С. прытрымліваюцца арфаграфіі звычайнага пісьма, словы скарачаюць пач. літарамі. У фанет. (слыхавой) сістэме пры скарачэнні выкідваюць невыразныя гукі. У Расіі ў 1933 на аснове параўнання 7 лепшых сістэм С. прынята адзіная дзярж. сістэма С., у аснове якой сістэма М.М.Сакалова. Яна была прынята і ва ўсіх рэспубліках СССР (для рус. мовы). З некат. ўдакладненнямі яна выкарыстоўваецца ў наш час. Існуе і запіс на стэнаграфічных машынах.
А.Я.Міхневіч.
т. 15, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)