від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл.Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАСТРУМЕ́ННЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.
Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэнзаснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ ФІ́ЛЬТРЫ,
аптычныя прылады, якія прапускаюць параўнальна вузкі ўчастак спектра выпрамянення і прынцып дзеяння якіх заснаваны на выбіральным рассеянні святла. Існуюць Д.ф. з кампанентаў крышталь—вадкасць, крышталь—паветра, а таксама з розных крышт. матэрыялаў, палімераў і інш.
Паказчыкі пераламлення 2 кампанентаў Д.ф. аднолькавыя для некаторай частаты святла ω0, таму пасля праходжання праз такую сістэму святло становіцца амаль монахраматычным (частата, блізкая да ω0). Светлавыя пучкі іншых частот (ω ≠ ω0) рассейваюцца. На Беларусі ў 1970-я г. ў Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам М.А.Барысевіча распрацаваны Д.ф., двума кампанентамі якіх з’яўляюцца крышт. матэрыялы або палімеры. Д.ф. крышталь—крышталь маюць высокую мех. трываласць і кантрастнасць; спектральныя характарыстыкі ў іх стабільныя ў шырокім інтэрвале т-р, адсутнічаюць пабочныя палосы прапускання, параўнальна простая тэхналогія вырабу. Выкарыстоўваюцца ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, плазмавай фотаметрыі, піраметрыі, біялогіі, медыцыне, астрафізіцы, метэаралогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПО́ШУКІкарысных выкапняў,
метады пошуку карысных выкапняў, заснаваныя на заканамернасцях размеркавання і міграцыі хім. элементаў у верхніх слаях зямной кары. Падзяляюцца на літагеахім., гідрахім., біягеахім., газагеахім. (атмахім.), а таксама радыёметрычныя метады. Гэтыя метады заснаваны на тым, што ў пакладах карысных выкапняў канцэнтрацыя пэўных хім. элементаў значна вышэйшая за мясц.геахім. фон (які блізкі да лічбаў кларкаў), што вядзе да ўтварэння арэолаў рассейвання элементаў і геахімічных анамалій.
Літагеахім. метады грунтуюцца на вывучэнні першасных і другасных арэолаў рассейвання ў карэнных рудазмяшчальных пародах, паверхневых адкладах і глебах. Гідрагеахім. метады пошукаў — выяўленне павышаных канцэнтрацый хім. элементаў у падземных водах. Біягеахім. метадамі даследуюцца арэолы, што ўтвараюцца ў раслінах шляхам міграцыі элементаў з радовішча праз падземныя воды і глебу, або пры кантакце каранёў раслін з рудным целам. Газагеахім. метады (газавая здымка) выяўляюць канцэнтрацыю лятучых злучэнняў у зоне гіпергенезу пераважна пры пошуках радовішчаў нафты і газу. Радыёметрычным метадам вымяраюць інтэнсіўнасць і даследуюць спектр гама-, бэта- і альфа-выпрамяненняў ядраў прыродных радыенуклідаў. Геахімічныя пошукі выкарыстоўваюцца на ўсіх стадыях геолагапошукавых работ — ад рэгіянальнай геал. здымкі да дэталёвай і эксплуатацыйнай разведкі радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЧЫ, Жыровіцы,
вёска Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Шчара, на аўтадарозе, што злучае Слонім з аўтадарогай Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слонім, 138 км ад Гродна. 2577 ж., 646 двароў (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як уладанне, аддадзенае вял.кн.ВКЛ Казімірам Ягелончыкам літ. падскарбію А.Солтану. У 16 ст.заснаваныЖыровіцкі Успенскі манастыр. З 1610-х г. Ж. — уласнасць Л.Сапегі, потым Я.Мялешкі. З 17 ст. мястэчка, у 1652 атрымалі магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1880-я г. больш за 300 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Слонімскага р-на. У 1971—2591 ж., 430 двароў.
Дзярж. сортавыпрабавальная станцыя. Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Сярэдняя і муз. школы. 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 18 ст.) і Жыровіцкі манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЧЫ,
горад, цэнтр Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.Чыг. ст. на лініі Гомель—Лунінец. За 238 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Калінкавічамі. 17,7 тыс.ж. (1997).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1500 як маёнтак Жыдкавічы. У канцы 16 ст. вёска ў Мазырскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці. З буд-вам Палескай чыг. і адкрыццём у 1886 чыг. станцыі на месцы вёсак Зарэчча і Бярэжжа пачаў расці рабочы пас. Ж., заснаваны лесапільны з-д. У 1897—1200 ж., нар. 2-класнае вучылішча, аптэка, пошта, царква. З 1924 цэнтр Жыткавіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—4,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 20.8.1941 па 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1384 чал., разбураны. Дзейнічала Жыткавіцкае патрыятычнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл. 5,4 тыс.ж. у 1959, 7,9 тыс.ж. у 1970. З 19.11.1971 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.Хорні, Э.Фром і інш.).
Літ.:
Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;
Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),
французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл.Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст.аднайм. монаопера Ф.Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ ТАМАГРА́ФІЯ,
метад рэнтгеналагічнага даследавання, пры якім атрымліваюць аксіяльны (папярочны) «зрэз» цела пацыента шляхам апрацоўкі праз ЭВМ даных пра паглынальную здольнасць тканак пры праходжанні праз іх кругавога сканіруючага пучка рэнтгенаўскіх прамянёў. Мае высокую кантрастную здольнасць, што дазваляе дыферэнцыраваць тканкі з розніцай шчыльнасці ў межах 0,5—2%. Метад заснаваны на вымярэнні паказчыкаў аслаблення. Шкала шчыльнасці — ад -1000 (паветра) да +1000 (косці) умоўных адзінак; таўшчыня зрэзаў пры К.т. 2—10 мм. Адзінку вымярэння К.т. — аслабленне — наз. адзінкай Хаўнсфілда. За распрацоўку і выкарыстанне К.т. амер. вучоны А.Кормак і англ. вучоны Г.Хаўнсфілд у 1979 атрымалі Нобелеўскую прэмію.
К.т. — метад удакладнення дыягназу (выяўленне пухлін, кіст, паразітарных пашкоджанняў, змен пасля запаленняў і траўм, заган развіцця, дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў і інш.) у галаўным мозгу, прыдаткавых пазухах носа, арбітах, пазваночніку і спінным мозгу, органах грудной клеткі, брушной поласці, малога таза, касцях і мяккіх тканках. Дапамагае вызначыць лакалізацыю і велічыню паталаг. працэсу, дынаміку развіцця хваробы і вынікі лячэння, месца і аб’ём для хірург. ўмяшання, для тапаметрыі пры прамянёвай тэрапіі і інш. К.т. робяць тамографамі. Існуе К.Т., заснаваная на эфекце ядзерна-магн. рэзанансу, пазітронная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
мастацкі музей, у якім сабраны выключна (ці пераважна) творы жывапісу. К.г. наз. таксама раздзелы жывапісу ў вял. музеях (напр., у Эрмітажы, Луўры і інш.), залы для збору карцін у палацах, некат. прыватныя зборы. У стараж. часы К.г. наз.пінакатэкамі. Першыя К.г. і «музеі-кабінеты» ўзніклі ў Еўропе ў 16 ст. Сярод найбуйнейшых — Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Дрэздэнская карцінная галерэя, Нацыянальная галерэя ў Лондане, галерэі Піці і Уфіцы ў Фларэнцыі, а таксама Траццякоўская галерэя ў Маскве, Карцінная галерэя Арменіі.
На Беларусі першы «музей-кабінет» быў створаны М.Радзівілам Чорным у Нясвіжскім палацы ў 16 ст. К.г. партрэтнага жывапісу існавала ў 17—18 ст. у Ружанскім палацы Сапегаў. Частка яе, а таксама новыя творы леглі ў аснову К.г. Г.Сапегі-Ябланоўскай у маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне, дзе ў 2-й пал. 18 ст. быў заснаваныт. зв. «Кабінет натуральнай гісторыі». У 1787 быў адкрыты музей з К.г. пры Полацкім калегіуме езуітаў. Назву К.г. меў да 1957 Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Дзейнічаюць Гурынская карцінная галерэя. Полацкая карцінная галерэя і інш.