ВЯ́ЗЫНЬ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на Вілейскім вадасх. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Вілейка, 70 км ад Мінска. 723 ж., 332 двары (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 1473 сярод маёнткаў Ю.А.Саковіча. У 1543 тут заснаваны касцёл. З 17 ст. ўласнасць віленскага жаночага кляштара бенедыкцінак, потым Гяцэвічаў. У 1627 Вязынь мястэчка. У 1791 пабудавана Успенская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. Пасля 1681 цэнтр воласці. У 1897 у Вязыні 601 ж., царква, капліца, сінагога. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Ільянскага, з 1957 Вілейскага р-наў. У 1970 — 825 ж., 272 двары.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 19 ст.), касцёл (1-я пал. 19 ст.) і царква (пач. 20 ст.).

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)