РАХМА́ТАЎ (Адхам) (22.12.1909, г. Каканд, Узбекістан — 23.2.1983),

узбекскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1953). У Вял. Айч. вайну ваен. карэспандэнт на Зах. і 3-м Бел. франтах. Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар зб-каў вершаў і паэм для дзяцей «Вясёлыя напевы» (1939), «Вершы і казкі» (1949) і інш. У пасляваен. гады шмат падарожнічаў па мясцінах баявой славы сваіх землякоў, у т. л. па Беларусі. Вынік яго паездак — кнігі нарысаў, аповесцей і апавяд., прысвечаных Беларусі: «Аповесці пра гераізм» (1958), «Баявыя эпізоды» (1960), «Эпізоды Брэста» (1961), «Брэсцкія ўспаміны» (1962), «Генерал Сабір Рахімаў» (1963), «Галасы з акопаў», «Дарогамі перамогі», «Узбекскія генералы» (усе 1965). На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў А.​Астрэйка.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЖЭРС ((Rodgers) Рычард) (28.6.1902, Нью-Йорк — 31.12.1979),

амерыканскі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў жанру мюзікл. Ганаровы чл. Нац. ін-та мастацтваў і л-ры (1955). Скончыў Калумбійскі ун-т (1921) і Ін-т муз. мастацтва (1923, Нью-Йорк). Супрацоўнічаў з лібрэтыстамі Л.​Хартам (з 1918), О.​Хамерстайнам (1943—60), харэографам Дж.​Баланчыным. Сярод найб. значных твораў (усяго больш за 40): «Аклахома!» (1943), «Карусель» (1945), «Паўднёвы Ціхі акіян» (1949), «Кароль і я» (1951), «Гукі музыкі» (1969), «Ці чую я вальс?» (1965), «Рэкс» (1976). Шматлікія з яго твораў экранізаваны, а песні з мюзіклаў набылі шырокую папулярнасць. Аўтар музыкі да кінафільмаў, тэле- і радыёпастановак. Яго творчасці прысвечаны фільм «Словы і музыка». Прэміі Пуліцэра 1944, 1950.

Я.​З.​Басін.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА (Алена Мікалаеўна) (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЛА́НАВА (Лідзія Андрэеўна) (27.10.1900, с. Чарнаўка Саратаўскай вобл., Расія — 20.9.1973),

расійская эстр. спявачка (кантральта). Засл. арт. Расіі (1942). Выступаць пачала ў 1917. З 1933 артыстка муз.-эстр. ўпраўлення Дзярж. аб’яднання муз., эстр. і цыркавых прадпрыемстваў. У 1945 рэпрэсіравана. З 1953 артыстка Усерас. гастрольна-канцэртнага аб’яднання. Дасканала валодала майстэрствам імправізацыі. Гал. месца ў рэпертуары займалі рус. нар. песні, якія выконвала распеўна, з праніклівай сардэчнасцю, лірызмам і гумарам. Аднавіла (аўтар) многія нар. песні, у т. л. «Валёнкі». Першая выканаўца многіх песень рас. кампазітараў, у т. л. «Кацюшы» М.​Блантэра. У 1967 разам з Л.​Уцёсавым, К.​Шульжэнка і М.​Бернесам узначаліла 1-ы Усесаюзны фестываль сав. песні.

Літ.:

Л.​Русланова в воспоминаниях современников. М., 1981.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУХ»,

бел. тэатр пантамімы. Існаваў у 1980—2001 у Мінску. Створаны пры Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, з 1984 у Маладзёжным т-ры Беларусі, з 1986 у складзе Белдзяржфілармоніі. Рэж.-пастаноўшчык У.​Колесаў. Мовай пластычнага мастацтва ў сваіх пастаноўках, у вобразна-метафарычнай форме ўзнімаў актуальныя праблемы быцця, вайны і міру, маральных пошукаў асобы. У рэпертуары: паэма «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1980), араторыя «Кліч» (1981), жанрава-бытавыя замалёўкі паводле альбома Х.​Бідструпа «Люстэрка» (1982), фалькл. прадстаўленне «Дар» паводле слав. нар. традыцыйных абрадаў і святкаванняў (1983), драма «Праметэй» (1984), а таксама «Жылі-былі» паводле англ. нар. казкі «Тры парсючкі» (1984). Аўтар сцэнарыяў Колесаў, мастак Дз.Мохаў.

Т.​М.​Цюрына.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЦКАЯ (Алена Віталеўна) (н. 11.1.1950, в. Дзякаўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, педагог. Засл. настаўніца Беларусі (1987). Скончыла БДУ (1971). Настаўнічала на Слонімшчыне, Магілёўшчыне, у 1977—93 у Слонімскай СШ № 2. З 1993 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Друкуецца з 1966. Выдала зб-кі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх эмац. тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Зах. Беларусі ў 20 ст. Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе» (1999), «Пазакласная праца па беларускай літаратуры» (2000).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЛЬКО́ (Алесь) (Аляксей Іванавіч; 27.3.1923, в. Рыдамля Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 16.4.1967),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1951). Настаўнічаў, працаваў у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1946. Першы зб. апавяд. «Мае сустрэчы» (1952). Аўтар зб-каў апавяданняў і аднаактовых камедый «Цвіце чаромха» (1957), гумарыст. апавяд. «Стуканок у аблавушцы» (1959), апавяданняў і нарысаў «Ты прыгожая, Арынка» (1960), аднаактовай п’есы «Гром з яснага неба» (1953), аднаактовых камедый і сцэнак «Колькі вяровачку ні віць...» (1958), аповесці для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959). У яго творчасці роздум пра жыццё і працу, ярка выражаны гумарыстычна-сатыр. элемент, каларытная мова, трапная дэталь, дынамічны, экспрэсіўны стыль.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1969;

Напрадвесні. Мн., 1984.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСІ́НСКІ ((Rysiński) Францішак) (? — 1830?),

польскі і бел. паэт. Старшыня Цывільнай палаты ў Віцебску. Пісаў эпіграмы, лірычна-філасофскія і гумарыст. вершы на польскай, бел. і рус. мовах. Пераадольваючы класіцыстычную версіфікатарскую нарматыўнасць, набліжаўся да рамант. лірызацыі зместу. Яго творы распаўсюджваліся на Віцебшчыне ў спісах і вусна (частка была ў архіве Ф.​Карпінскага і полацкага маршалка С.​Грабніцкага), публікаваліся ў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1819), «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік», 1830), «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік», 1844). Р., магчыма, аўтар макаранічных бел.-польскіх мініяцюр «Плач пакінутага каханай» і «За пекнай паненкай аж душа сумуе...», апубл. А.​Рыпінскім у кн. «Беларусь» (Парыж, 1840).

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 268.

У.​І.​Мархель.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛЮ́ ((Reclus) Жан Жак Элізэ) (15.3.1830, г. Сент-Фуа-ла-Гранд, Францыя — 4.7.1905),

французскі географ, сацыёлаг і паліт. дзеяч. Вучыўся ў пратэстанцкім духоўным ун-це ў г. Мантабан. У 1849 выключаны з ун-та за прапаганду сацыяліст. ідэй. У 1851 эмігрыраваў у Вялікабрытанію, жыў у ЗША, краінах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У 1871 за ўдзел у Парыжскай Камуне прыгавораны да пажыццёвага выгнання. З 1872 жыў у Італіі, Швейцарыі, Бельгіі. У 1892—1905 праф. Свабоднага і Новага ун-таў у Бруселі (Бельгія). Аўтар прац «Чалавек і Зямля» (т. 1—6, 1876—94), дзе выказаў свае погляды на эвалюцыю людскога грамадства, «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» (т. 1—19, 1884—94) і інш.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЁНАК (Лявон) (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),

бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.​Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.​Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Беларусізацыя пад № ... Нью-Ёрк, 1998.

Літ.:

Успамінае Антон Шукелойць // Спадчына. 1997. № 5.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)