МАСПЕРО́ ((Maspéro) Гастон Каміль Шарль) (23.6.1846, Парыж — 30.6.1916),

французскі гісторык, егіптолаг. Бацька А.Масперо. Чл. франц. Акадэміі надпісаў (1883, з 1914 вучоны сакратар). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы і ў егіптолага А.​Марыета. З 1873 праф. Калеж дэ Франс, у 1887—1916 — парыжскай Сарбоны. У 1881 заснаваў у Каіры ін-т усх. археалогіі, у 1881—86 і 1899—1914 дырэктар «Службы старажытнасцей» і Егіп. музея ў Каіры. Адкрыў у Егіпце стараж. тэксты на ўнутр. сценах пірамід Стараж. царства, сховішча мумій фараонаў XVII—XXII дынастый, шэраг помнікаў матэрыяльнай культуры. Аўтар прац па многіх галінах егіпталогіі (археалогія, стараж. мова, л-ра, мастацтва), фундаментальных даследаванняў: «Старажытная гісторыя народаў класічнага Усходу» (т. 1—3, 1895—99), «Даследаванні па егіпецкай міфалогіі і археалогіі» (т. 1—6, 1893—1912).

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)