МАРЦІ́НІ ((Martini) Сімоне) (каля 1284, г. Сіена, Італія — ліп. 1344),

італьянскі жывапісец. Паслядоўнік і, магчыма, вучань Дуча ды Буанінсенья. Зазнаў уплывы франц. гатычнага мастацтва. Працаваў у Таскане, Неапалі (1317), Арвіета (1320), Асізі (1320-я г.), Авіньёне (з 1340). У творчасці спалучаў гатычныя традыцыі арганізацыі кампазіцыі, трактоўкі перспектывы, кволасці фігур чалавека з протарэнесансавай адухоўленасцю і жыццёвай пластыкай вобразаў, вытанчанасцю колераў: фрэскі ў Палацца Публіка ў Сіене («Маэста», 1315; выява кандацьера Гвідарыча да Фальяна, 1328), у Ніжняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (сцэны з жыцця св. Марціна Турскага, каля 1326), алтарныя абразы «Св. Людовік Тулузскі карануе Роберта Неапалітанскага» (каля 1317), «Дабравешчанне» (1333), «Пакуты Хрыстовы» (1340-я г.), дыпціх «Дабравешчанне» (1339—42). Аўтар фронтыспіса для манускрыпта Вергілія (1340-я г.).

В.Я.Буйвал.

С.Марціні. Мадонна з дыпціха «Дабравешчанне». 1339—42.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)